15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Цэнтрвыбаркам Беларусі лічыць збор подпісаў найбольш эфектыўным спосабам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах. Размова аб гэтым ішла сёння на пасяджэнні ЦВК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Як адзначыла загадчыца аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы Цэнтральнай камісіі Галіна
Мкртычан, збор подпісаў выбаршчыкаў з'яўляецца найбольш эфектыўным спосабам вылучэння, паколькі ў гэтым працэсе прысутнічае ўжо элемент перадвыбарнай агітацыі за кандыдата. Тым не менш пры вылучэнні менавіта гэтым спосабам, як правіла, дапускаецца шмат памылак. З'яўляюцца новыя ўдзельнікі выбарчага працэсу, якія раней не сутыкаліся з гэтымі працэдурамі, з-за чаго ўзнікаюць спрэчкі.Збор подпісаў можа ажыццяўляцца толькі членамі ініцыятыўных груп, якія павінны абавязкова мець пры сабе пасведчанне, выдадзенае адпаведнай выбарчай камісіяй, і дакумент, які пацвярджае іх асобу. Выбаршчыкі ў падтрымку асоб, якія прапануюцца да вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты, ставяць подпісы ў падпісных лістах, якія выраблены Цэнтрвыбаркамам ва ўстаноўленай форме. Але пры неабходнасці дапускаецца і ксеракапіраванне бланкаў або раздрукоўка з сайта ЦВК. Пры гэтым павінны захоўвацца форма і памер падпіснога ліста.
Законам прадугледжаны і пэўныя патрабаванні да запаўнення падпісных лістоў. Перш за ўсё, у кожны падпісны ліст яшчэ да пачатку збору подпісаў павінны быць унесены без скарачэння звесткі аб асобах, якія вылучаюцца кандыдатамі (прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца работы або занятак, займаемая пасада, месца жыхарства, партыйнасць). Збор подпісаў у лістах, у якіх гэтыя звесткі адсутнічаюць, не дапускаецца. Невыкананне гэтага патрабавання прывядзе да негатыўных прававых наступстваў, аж да адміністрацыйнай адказнасці.
Ставіць у падпісных лістах свае подпісы ў падтрымку асобы, якая прапануецца для вылучэння кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета, маюць права грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў, а таксама грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі і маюць пасведчанне на права жыхарства.
У падпісным лісце павінны быць толькі подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі акругі, па якой вылучаецца кандыдат. Подпісы, сабраныя на тэрыторыі іншай акругі, улічвацца не будуць.
Як паведамлялася, у Беларусі вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў праводзіцца традыцыйнымі спосабамі: ад палітычных партый, ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Дэпутатам мясцовага Савета можа быць выбраны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў, калі ён не мае судзімасці і пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі або звязаны з ёй па прычыне прафесійнай дзейнасці. Таксама маюць права вылучацца грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.
Згодна з заканадаўствам краіны, на выбарах такога ўзроўню няма парога яўкі, таму перамагае той, хто набраў большасць галасоў. Замежныя наглядальнікі для маніторынгу не запрашаюцца, выключэнне можа рабіцца для прадстаўнікоў акрэдытаванага дыпкорпуса. У цэлым жа ў маніторынгу заняты нацыянальныя наглядальнікі, у тым ліку ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў.