17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральныя выбарчыя камісіі Беларусі і Расіі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Подпісы пад дакументам паставілі старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка і старшыня ЦВК Расіі Эла Памфілава. Па сутнасці, гэта абноўленае пагадненне, паколькі бакі ўжо маюць дагаворныя адносіны. Але падпісанне чарговага пагаднення дасць магчымасць вывесці супрацоўніцтва на новы ўзровень.
"Пагадненнем прадугледжваецца абмен інфармацыяй і ўзаемадзеянне ў пытаннях аналізу заканадаўчых, нарматыўна-прававых актаў у галіне выбарчага права, пытанне правядзення экспертыз, прымянення на практыцы выбарчага права, вывучэнне вопыту адзін аднаго і, адпаведна, правядзенне стажыровак. Акрамя таго, магчымае навучанне тых суб'ектаў, якія ўдзельнічаюць у арганізацыі электаральнай кампаніі. Гэта пашырае магчымасці і стварае ўмовы для таго, каб выводзіць работу па арганізацыі правядзення электаральных кампаній на новы якасны ўзровень", - сказаў Ігар Карпенка.
Цырымонія падпісання прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску на палях беларуска-расійскага форуму "Моладзь і выбары". Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Цэнтральная выбарчая камісія і Міністэрства адукацыі Беларусі.
"Гэта запыт моладзі. На форуме прагучалі прафесійныя пытанні. Хлопцы і дзяўчаты валодаюць юрыдычнымі аспектамі, маюць пэўны вопыт. Гэта той актыў, які ў перспектыве будзе рэалізоўваць ідэі прававой асветы на практыцы ў маладзёжным асяроддзі", - падкрэсліў кіраўнік ЦВК.
Раней у час візіту ў Маскву Ігар Карпенка запрасіў сваіх расійскіх калег на чале са старшынёй ЦВК Расіі наведаць Беларусь. Эла Памфілава запрашэнне прыняла. Гэта яе першы візіт у нашу краіну.