22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у час сустрэчы з кіраўніком Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) пацвердзіў прыхільнасць да выступлення беларускіх і расійскіх спартсменаў у нейтральным статусе на Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы. Аб гэтым заявіў сам Томас Бах на пазачарговай сесіі МАК, піша ТАСС.
Два тыдні таму Томас Бах у час сустрэчы з французскім лідарам абмяркоўваў пазіцыю G7 і падыход МАК па гэтым пытанні. Бакі пацвердзілі згоду і тое, што МАК у патрэбны час прыме рашэнне аб допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў. Томас Бах і Эмануэль Макрон дамовіліся прадоўжыць супрацоўніцтва па гэтым пытанні.
Паводле слоў Томаса Баха, пазіцыю МАК падтрымлівае пераважная большасць міжнароднай супольнасці. "Яна разумее, з якой складанай сітуацыяй сутыкнуўся спорт, і падтрымлівае нашы дзеянні", - адзначыў кіраўнік МАК. Аб гэтым заяўляюць палітычныя лідары як на ўзроўні ААН, так і на ўзроўні кіраўнікоў і ўрадаў дзяржаў.
У якасці прыкладу Томас Бах прывёў саміт "Вялікай сямёркі" ў Японіі. Паводле яго слоў, усе ўдзельнікі саміту заявілі, што паважаюць аўтаномію спартыўных арганізацый і прыхільны да сумленных спаборніцтваў пры ўмове, калі беларускія і расійскія спартсмены выступяць у нейтральным статусе. "І я ўдзячны гэтым лідарам за іх падтрымку", - дадаў кіраўнік МАК.
28 сакавіка бягучага года Выканкам МАК рэкамендаваў дапускаць беларускіх і расійскіх спартсменаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе.