26 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Італія садзейнічае ўмацаванню дыялогу Беларусі і ЕС, у тым ліку ў рамках "Усходняга партнёрства". Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Марыа Джорджа Стэфана Бальдзі сёння ў час анлайн-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, прысвечанай беларуска-італьянскаму супрацоўніцтву, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Існуе вельмі важны дыялог паміж Беларуссю і ЕС, якому мы садзейнічаем у рамках праграмы "Усходняга партнёрства", - сказаў пасол. - Мы садзейнічаем гэтаму дыялогу, паколькі лічым, што Беларусь і Еўрапейскі саюз могуць разам расці, умацоўваць дэмакратыю, прававую дзяржаву і правы чалавека".
"Беларусь - гэта еўрапейская краіна геаграфічна, гістарычна, ментальна, - прадоўжыў кіраўнік дыпмісіі. - Італія садзейнічае больш цесным сувязям краін і кантынентаў. І гэта адбываецца ва ўсіх сферах - палітычнай, эканамічнай, культурнай, а таксама ў галіне міжчалавечых кантактаў. Важна, каб беларуская моладзь знаёмілася з Еўропай, ездзіла, вучылася, даведвалася пра іншыя краіны". Ён заўважыў, што нават у часы каранавіруса ўзаемадзеянне паміж дзяржавамі прадаўжаецца.
Закранаючы беларуска-італьянскае палітычнае супрацоўніцтва, пасол падкрэсліў: "Ужо мінула дастаткова часу з красавіка 1992 года, калі быў падпісаны пратакол аб устанаўленні дыпламатычных адносін. З таго часу двухбаковыя палітычныя адносіны паступова станавіліся ўсё больш інтэнсіўнымі. Мы адкрылі пасольствы ў нашых дзвюх краінах, падпісалі шматлікія двухбаковыя пагадненні".
Ён таксама заўважыў, што ўмацаванню палітычных кантактаў паміж дзвюма дзяржавамі садзейнічае абмен візітамі. "Зразумела, за гэты час адбылося шмат візітаў, але я хацеў бы звярнуць увагу на два з іх, якія магу назваць гістарычнымі. Гэта візіт у Мінск старшыні Савета Міністраў Італіі Сільвіа Берлусконі ў 2009 годзе і візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Рым у 2016 годзе. Яны садзейнічалі ўмацаванню не толькі двухбаковага палітычнага дыялогу, але і шматбаковага, паколькі закранулі адносіны, што датычацца тых арганізацый, у якія ўваходзяць Італія і Беларусь. У прыватнасці, ААН, АБСЕ, ЦЕІ", - падкрэсліў кіраўнік дыпмісіі.