4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску 3-4 красавіка адбылося трэцяе пасяджэнне каардынацыйнай групы Беларусь - ЕС, на ім абмяркоўваліся перспектывы развіцця адносін паміж бакамі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Дэлегацыю Беларусі ўзначальваў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, дэлегацыю Еўрасаюза -
кіруючы дырэктар па справах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) Томас Маер-Хартынг. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі МЗС, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый, супрацоўнікі ЕСЗД і Еўрапейскай камісіі.На мерапрыемстве былі абмеркаваны перспектывы далейшага развіцця адносін Беларусі з Еўрасаюзам, уключаючы ўдзел краіны ў ініцыятыве "Усходняе партнёрства", узаемадзеянне ў сферы мабільнасці, бягучы стан галіновых дыялогаў, супрацоўніцтва ў рамках тэхнічнай дапамогі ЕС, а таксама тэматыка правоў чалавека.
Кіраўнік дэлегацыі Еўрасаюза Томас Маер-Хартынг таксама сустрэўся з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і быў прыняты міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. "Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам", - расказалі ў МЗС.
Каардынацыйная група Беларусь - ЕС створана ў 2016 годзе для структураванага комплекснага дыялогу па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння. Першае пасяджэнне групы адбылося ў красавіку 2016-га ў Бруселі, другое - у лістападзе таго ж года ў Мінску.