16 чэрвеня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Спрашчэнне візавых працэдур Беларусі з ЕС будзе абмяркоўвацца ў Браціславе 23 чэрвеня ў час беларуска-славацкіх кансультацый па консульскіх пытаннях. Аб гэтым паведаміў журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У Празе 21 чэрвеня адбудуцца беларуска-чэшскія, а ў Браціславе 23 чэрвеня - беларуска-славацкія кансультацыі па консульскіх пытаннях. Са славацкім бокам плануецца абмеркаваць рэгуляванне прававога становішча грамадзян Беларусі і Славакіі, рэагаванне на актуальныя міграцыйныя выклікі. З улікам таго, што з 1 ліпеня да Славакіі пяройдзе старшынства ў Еўрасаюзе, бакі абмяняюцца інфармацыяй па тэматыцы перагавораў з ЕС адносна спрашчэння візавых працэдур", - адзначыў Дзмітрый Мірончык.
Ён таксама паведаміў, што ў час кансультацый з чэшскім бокам плануецца разгледзець шэраг пытанняў, якія датычацца практыкі выдачы віз, тэматыкі змянення заканадаўства ў консульскай сферы. Беларускую дэлегацыю ўзначаліць начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Ігар Фісенка, чэшскую - дырэктар дэпартамента па пытаннях консульскіх канцэпцый і метадалогіі МЗС Давід Новы, славацкую - начальнік консульскага ўпраўлення МЗС Ігар Пакойны.
Акрамя таго, Дзмітрый Мірончык расказаў, што 21-22 чэрвеня ў Мінску адбудуцца кансультацыі паміж Міністэрствам замежных спраў Беларусі і Міністэрствам замежных спраў Туркменістана па міжнародна-прававых пытаннях. Беларускую дэлегацыю на мерапрыемстве ўзначаліць начальнік галоўнага дагаворна-прававога ўпраўлення МЗС Беларусі Андрэй Папкоў, туркменскую - начальнік галоўнага дагаворна-прававога ўпраўлення МЗС Туркменістана Эзіз Назараў.
На кансультацыях бакі абмяркуюць актуальныя пытанні міжнародна-прававога супрацоўніцтва абедзвюх дзяржаў, уключаючы юрыдычныя аспекты ўзаемадзеяння ў рамках міжнародных універсальных і рэгіянальных арганізацый, правядуць работу па ацэнцы стану двухбаковай дагаворна-прававой базы Беларусі і Туркменістана.