23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, прымаючы з дакладам старшыню наглядальнага савета ХК "Дынама-Мінск", міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, азнаёміўся з узорамі хакейных клюшак айчыннай вытворчасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Клюшкі былі выраблены на базе крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС. Практычна ўсе такія ўстановы, адзначыў Ігар Шуневіч, маюць неабходныя вытворчыя базы. "Адна з клюшак драўляная з лакалізацыяй 100 працэнтаў, другая - пластыкавая з лакалізацыяй каля 50 працэнтаў, - расказаў міністр. - Першыя камплекты мы вырабілі, яны эксперыментальныя. Заканчваецца іх апрабаванне ў практычнай гульні. Як толькі атрымаем заключэнне спецыялістаў і выправім некаторыя недапрацоўкі, накіруем іх у серыю".
Паводле слоў міністра, на сённяшні дзень беларускія клюшкі даволі канкурэнтаздольныя з пункту гледжання іх цаны і якасці. Напрыклад, кошт драўлянай складзе амаль Br36. Ён дадаў, што кіраўнік дзяржавы, ацаніўшы якасць хакейных снарадаў, даў даручэнні крыху ўдасканаліць іх. У прыватнасці, на думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна зменшыць шырыню пяра клюшкі з дрэва.
Ігар Шуневіч таксама закрануў тэму выпуску формы для юных хакеістаў. Яна паступіла ўжо ў серыйную вытворчасць пасля выпрабавальнага нашэння і невялікіх дапрацовак. "Мы пачалі абшываць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы па хакеі. Перакананы, што гэта форма будзе запатрабавана, - сказаў міністр. - Ужо сёння Федэрацыя хакея Беларусі размясціла папярэдні заказ на пэўную колькасць камплектаў. Думаю, такая ж сітуацыя будзе і з клюшкамі".
Прэзідэнт, прымаючы з дакладам Ігара Шуневіча, таксама падрабязна цікавіўся дзейнасцю БФСТ "Дынама". Кіраўнік дзяржавы ў прыватнасці спытаў аб перспектывах аднайменнага хакейнага клуба. "На што мы можам разлічваць? Пакуль яшчэ гаварыць пра стабільнасць рана, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Ці выйдзем мы на тыя рубяжы, якія нам абяцаны трэнерамі і кіраўнікамі гэтага клуба?"
Як падкрэсліў міністр, клуб робіць усё магчымае, каб дастойна завяршыць сезон і дабіцца плануемага выніку - выхаду ў плэй-оф. "У нас ёсць пэўныя рэзервы і амбіцыі. Таму будзем старацца", - сказаў ён.