29 мая, Талін /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Яўгенам Шэстаковым сёння ў Таліне прыняла ўдзел у саміце па пытаннях кібербяспекі пад эгідай Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Саміт сабраў каля 150 афіцыйных асоб і экспертаў больш як 30 дзяржаў, прадстаўнікоў ЕС, Савета Еўропы, АБСЕ, НАТА, іншых міжнародных арганізацый. Праграмай саміту былі прадугледжаны тэматычныя секцыі па пытаннях прававога рэгулявання ў сферы кібербяспекі, падыходаў да забеспячэння кібербяспекі ў сусветным маштабе.
Мерапрыемства было арганізавана ў рамках цыкла канферэнцый, прысвечаных гэтаму значнаму аспекту міжнароднай бяспекі. Яны праводзяцца з 2012 года ў розных краінах свету пры ўдзеле высокапастаўленых прадстаўнікоў палітычных, ваенных, навуковых і дзелавых колаў.
Прадстаўнікі Беларусі ўпершыню прымалі ўдзел у такім мерапрыемстве. Кіраўнік дэлегацыі выступіў у рамках адной з секцый з інфармацыяй аб ходзе рэалізацыі ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі па аднаўленні шырокага дыялогу па пытаннях бяспекі, а таксама паведаміў аб гатоўнасці беларускага боку прыняць саміт па пытаннях кібербяспекі ў Мінску.
Яўген Шэстакоў таксама правёў перагаворы са старшынёй Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вольфгангам Ішынгерам. Бакі абмеркавалі ход падрыхтоўкі да сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Мінску ў гэтым годзе.
Беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам Яўгена Шэстакова наведала інавацыйны цэнтр "Е-Шоўрум" і прэзентацыю дасягненняў Эстоніі ў галіне дыгіталізацыі.