18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР) Мар'яна Шчоткіна прадставіць 18 ліпеня даклад Беларусі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
Мар'яна Шчоткіна прымае ўдзел у Палітычным форуме высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці. Мерапрыемства прысвечана рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года і Мэтам устойлівага развіцця, прынятым на Саміце ААН у 2015 годзе. "У ходзе форуму запланаваны прэзентацыі нацыянальных дакладаў па дасягненні МУР. Упершыню з такім дакладам 18 ліпеня выступіць Беларусь", - расказалі ў прэс-службе.
Напярэдадні, 17 ліпеня, віцэ-спікер прыняла ўдзел у адкрыцці міністэрскага сегмента палітычнага форуму і выступіла ў час агульнай дыскусіі. Мар'яна Шчоткіна таксама правяла двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый краін-удзельніц і прадстаўнікамі ААН, дала інтэрв'ю рускай службе "Радыё ААН".
У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку 10-19 ліпеня праходзіць Палітычны форум высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці. Сярод яго удзельнікаў - больш за 70 міністраў з розных краін, а таксама каля 2,4 тыс. прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. На форуме 44 дзяржавы прадставяць добраахвотныя нацыянальныя агляды аб выкананні Мэт устойлівага развіцця.