11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У праекце закона "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці" акцэнт робіцца на прафілактычнай рабоце і дыферэнцыяцыі крымінальнай адказнасці. Аб гэтым журналістам заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка перад сустрэчай з калектывам Следчага камітэта напярэдадні Дня народнага адзінства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кіраўніцтва Следчага камітэта даўно запрашала мяне выступіць перад калектывам. А тэма сённяшняга выступлення даволі шматгранная і ўключае тры складнікі. Першы - коратка праінфармаваць аб рабоце Палаты прадстаўнікоў, маючай адбыцца сесіі", - сказаў Ігар Сергяенка.
Другім складнікам, адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў, з'яўляюцца тыя змяненні, якія будуць уносіцца ў кодэксы па пытаннях крымінальнай адказнасці. "Гэты законапраект унесены ў Палату прадстаўнікоў. Працавала міжведамасная рабочая група, у якую ўваходзілі ў тым ліку супрацоўнікі Следчага камітэта, яны паглыблены ў гэту тэму. Гэта пытанне мы плануем разгледзець на адным з першых пасяджэнняў. Уносяцца пэўныя навацыі ў 97 складоў злачынстваў. Па пэўных складах змякчаецца пакаранне, па некаторых узмацняецца. У цэлым, асноўны акцэнт робіцца на дыферэнцыяцыі крымінальнай адказнасці, што дасць магчымасць больш дакладна і прадметна падыходзіць судам. Таксама акцэнт робіцца на прафілактычнай рабоце", - падкрэсліў ён.
Яшчэ адзін складнік сустрэчы з калектывам следчага ведамства - Дзень народнага адзінства. "17 верасня наша краіна адзначыць дзяржаўнае свята - Дзень народнага адзінства. Гэта новае, маладое свята, якое, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта, пасля абмеркавання было тры гады таму заснавана ў нашай краіне. Хоць гістарычна гэта свята ідзе свамі каранямі ў 39-ы год, калі адбылося ўз'яднанне Беларусі, - нагадаў Ігар Сергяенка і звярнуў увагу, што тады свята называлася Дзень вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад польскіх паноў. - Вось сутнасць гэтага свята, якое сёння адроджана. Аб гэтым таксама будзем гаварыць і дэманстраваць дакументальны фільм на гэту тэму".
Адказваючы на пытанне журналістаў, па якіх складах злачынстваў плануецца ўзмацніць або змякчыць пакаранне, старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што цяпер ідзе абмеркаванне на розных пляцоўках, у тым ліку ў Следчым камітэце, органах пракуратуры і ўнутраных спраў. "Як я сказаў, размова аб 97 складах. У тым ліку па тэме наркабізнесу, махлярства, жорсткага абыходжання з жывёламі. Пакуль Палата прадстаўнікоў будзе разглядаць (законапраект. - Заўвага БЕЛТА) толькі ў першым чытанні. Улічым усе заўвагі спецыялістаў", - рэзюмаваў Ігар Сергяенка.