9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзел у мерапрыемствах на міжнародных пляцоўках дазваляе Беларусі заяўляць пра сваю пазіцыю і міралюбівую палітыку і тым самым набываць калі не сяброў, то ва ўсякім разе сваіх прыхільнікаў. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гаворачы пра міжнародную дзейнасць Палаты прадстаўнікоў, яе спікер праінфармаваў, што створаны 11 камісій для ўзаемадзеяння з міжнароднымі парламенцкімі дэлегацыямі, 40 груп дружбы. "Шляхам удзелу ў гэтых мерапрыемствах мы даносім пазіцыю нашай краіны, міралюбівы курс нашай дзяржавы, гаворым пра той адмоўны эфект, які нясуць санкцыі ў дачыненні да любой дзяржавы. Праз гэтыя пляцоўкі мы набываем у канчатковым выніку калі не сяброў, то ва ўсякім выпадку сваіх прыхільнікаў", - падкрэсліў Ігар Сергяенка.
Прадаўжаецца работа дэпутатаў у фармаце Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкай асамблеі СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ. Развіваюцца кантакты з парламентамі краін Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі.
"Толькі ў гэтым годзе актывізаваны кантакты з парламентамі Пакістана, Ірана, Егіпта, Індыі, іншых краін", - удакладніў Ігар Сергяенка. Міжнародная дзейнасць парламента, паводле яго слоў, накіравана на падтрымку парламенцкімі спосабамі ўсіх тых ініцыятыў і эканамічных дамоўленасцей, якія рэалізуюцца паміж дзяржавамі.