19 лістапада, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Мы прапрацавалі фармулёўкі і знайшлі адзіныя падыходы ў фарміраванні праекта Канстытуцыі. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Асноўнай задачай групы, якая была створана па распараджэнні Прэзідэнта літаральна месяц таму, стала неабходнасць сфарміраваць канчатковую канфігурацыю праекта Канстытуцыі - Асноўнага закона, які будзе працаваць доўгія гады на стварэнне нашай суверэннай рэспублікі, - адзначыў Ігар Сергяенка. - Праведзена 6 пасяджэнняў рабочай групы, у якую ўвайшлі парламентарыі, вучоныя, прадстаўнікі Канстытуцыйнага суда, члены ўрада. За гэты час былі гарачыя спрэчкі, дыскусіі, прапрацоўваліся фармулёўкі па канкрэтных артыкулах. Гэта не выключала індывідуальнай работы. Мы пастаянна былі на сувязі з кіраўніком дзяржавы: было некалькі сустрэч з Прэзідэнтам, дзе абмяркоўваліся канкрэтныя артыкулы Асноўнага закона. І менавіта Аляксандрам Лукашэнкам была адзначана неабходнасць больш уважліва падысці да пытання пераразмеркавання паўнамоцтваў Прэзідэнта паміж іншымі органамі дзяржаўнай улады".
Кіраўнік Адміністрацыі падкрэсліў, што сёння ўжо сфарміраваны адзіныя падыходы і прапрацаваны фармулёўкі. У выніку змяненні прапануюцца ў 77 артыкулаў Асноўнага закона, прэамбуле. Дадаткова плануецца ўвесці новую главу, якая будзе даваць характарыстыку паўнамоцтваў, фарміравання і статусу Усебеларускага народнага сходу. "Наперадзе сумеснае пасяджэнне з Канстытуцыйнай камісіяй, якая фармулявала праект Асноўнага закона, - падкрэсліў ён. - Я думаю, у пачатку снежня мы выйдзем на наступны этап - усенароднае абмеркаванне".
Змяненні закрануць практычна ўсе раздзелы Канстытуцыі. Так, Усебеларускі народны сход стане вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, своеасаблівым народным веча. Адпаведна, пашырацца і яго правы: рашэнні УНС будуць абавязковымі для выканання. Акрамя таго, сход будзе мець права адмяняць рашэнні іншых органаў, якія супярэчаць нацыянальнай бяспецы. Таксама градзіруецца парадак выбрання - ён будзе больш шырокім: плануецца, што ў склад УНС будуць уваходзіць прадстаўнікі выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады, грамадскіх структур, дэпутаты мясцовых Саветаў.
Наступны блок - пераразмеркаванне паўнамоцтваў: стануць больш строгімі патрабаванні да кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, будуць уведзены абмежаванні па двух тэрмінах, зменіцца парадак імпічменту, узмоцняцца ў пэўнай ступені функцыі ўрада. Трэці блок закране парламент і мясцовыя Саветы, якія будуць выбірацца тэрмінам на 5 гадоў. Павялічваецца перыяд работы парламента да дзвюх сесій, ён будзе працаваць практычна цэлы год. Па выбарчым заканадаўстве і сістэме плануецца даць фармулёўку паўнамоцтваў ЦВК. Здымаюцца асобныя абмежаванні па катэгорыях па ўдзеле ў працэсе галасавання, павышаецца роля Канстытуцыйнага суда, уводзіцца такое паняцце, як канстытуцыйная скарга, якую можа падаваць грамадзянін.
"Сур'ёзна ўзмацняецца блок правоў і свабод грамадзян, - падкрэсліў Ігар Сергяенка. - У ім знойдуць адлюстраванне нашы традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, клопат пра пенсіянераў і інвалідаў, пытанні захавання гістарычнай памяці і нацыянальнай ідэнтычнасці. Аднак трэба разумець, што ў гэтым раздзеле Канстытуцыі адлюстроўваецца не набор ільгот, а гарантыі дзяржавы па тых ці іншых катэгорыях насельніцтва. Асобным артыкулам выводзіцца тэма маладзёжнай палітыкі".
Пасля прыняцця на рэферэндуме Канстытуцыі наперадзе будзе вялікая работа па прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць з ёй, сказаў на заканчэнне Ігар Сергяенка.