12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны семінар "Прымяненне мер гандлёвай абароны ў кантэксце далучэння Беларусі да СГА" праходзіць у Міністэрстве замежных спраў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
Мерапрыемства, у якім прымаюць удзел больш за 60 прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, канцэрнаў, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, адміністрацый свабодных эканамічных зон, арганізавана МЗС сумесна з прадстаўніцтвам Праграмы развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі згодна з праектам тэхнічнай дапамогі "Садзейнічанне ўраду Рэспублікі Беларусь пры ўступленні ў СГА праз узмацненне экспертнага і інстытуцыянальнага патэнцыялу".
У семінары таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі аддзела гандлёвых правіл Сакратарыята Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Дэпартамента абароны ўнутранага рынку Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Мэта мерапрыемства - павышэнне эфектыўнасці работы дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама спецыялістаў маркетынгавых службаў беларускіх прадпрыемстваў, што прымаюць удзел у абаронных расследаваннях у рамках ЕАЭС, а таксама ў расследаваннях адносна беларускай прадукцыі з боку трэціх краін.
У парадак дня семінара ўключаны актуальныя пытанні прымянення працэдур і правіл СГА пры правядзенні абаронных расследаванняў, пасяджэнняў адпаведных камітэтаў арганізацый. Будуць разгледжаны працэдурныя аспекты правядзення абаронных расследаванняў Еўразійскай эканамічнай камісіяй у рамках ЕАЭС. Удзельнікам семінара будзе прадстаўлена інфармацыя аб антыдэмпінгавых практыках Еўрасаюза, а таксама аб удзеле беларускіх экспарцёраў у нядаўніх антыдэмпінгавых расследаваннях, праводзімых Еўрапейскай камісіяй.