3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарговае пасяджэнне Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці адбудзецца ў Мінску 5 лютага, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Выканкама СНД.
Удзельнікі пасяджэння абмяркуюць праект парадку дня чарговага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў СНД, намечанага на 3 красавіка ў горадзе Ошы (Кыргызстан). У праект уключаны 18 пытанняў. Чакаецца, што кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў прааналізуюць выкананне плана кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў на 2014 год і зацвердзяць адпаведны план на бягучы год, разгледзяць праграму супрацоўніцтва ва ўмацаванні пагранбяспекі на знешніх граніцах, асноўныя мерапрыемствы супрацоўніцтва ў галіне культуры. Трэба будзе папярэдне разгледзець пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый; аб павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў агульнаадукацыйных арганізацый; аб стварэнні і дзейнасці сумесных следча-аператыўных груп на тэрыторыях дзяржаў - удзельніц СНД; аб утварэнні Савета кіраўнікоў пенітэнцыярных службаў і іншыя дакументы.
Членам Савета пастаянных прадстаўнікоў будуць прадстаўлены таксама прапановы ў праект парадку дня чарговага пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД, якое адбудзецца 29 мая ў Астане (Казахстан).
Акрамя таго, на пасяджэнні будуць абмяркоўвацца вынікі пасяджэнняў экспертных груп па ўзгадненні праектаў дакументаў СНД у 2014 годзе.
Пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі ўзгодняць кандыдатуру кіраўніка місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах прэзідэнта Узбекістана, якія назначаны на 29 сакавіка 2015 года.