13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарговае пасяджэнне Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці адбудзецца ў Мінску 19 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Выканкама СНД.
У пасяджэнні прыме ўдзел старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. Пастаянныя прадстаўнікі абмяркуюць вопыт рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці".
Праграма была падрыхтавана ў рамках аб'яўленага ў 2011 годзе Года гісторыка-культурнай спадчыны СНД і распрацавана па ініцыятые Савета па гуманітарным супрацоўніцтве, Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва і Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД.
Дакумент прадугледжвае штогадовую канцэнтрацыю творчых рэсурсаў, як правіла, у дзвюх дзяржавах, у якіх выбіраецца па адным несталічным горадзе. Яго асноўныя задачы - садзейнічанне развіццю гарызантальных сувязей і інтэнсіфікацыя творчых абменаў, нарошчванне культурнага і гуманітарнага патэнцыялу тэрыторый і гарадоў дзяржаў Садружнасці, у тым ліку садзейнічанне паляпшэнню іх інфраструктуры, пераадоленне геаграфічна абумоўленай няроўнасці асобных тэрыторый у доступе да культурных даброт, стымуляванне росту турыстычнага патоку, міждзяржаўны абмен вопытам у галіне культурнай палітыкі.
Рашэнне аб аб'яўленні гарадоў культурнымі сталіцамі штогод прымае Савет кіраўнікоў дзяржаў па прадстаўленні Савета па гуманітарным супрацоўніцтве. У 2011-2012 гадах на пілотным этапе праграмы культурнымі сталіцамі сталі Ульянаўск (Расія) і Гомель (Беларусь), Астана (Казахстан) і Мары (Туркменістан). У гэтых гарадах адбылося больш за 100 буйных сумесных мерапрыемстваў. У 2013-2014 гадах праграма рэалізоўвалася ў Габале (Азербайджан), Гюмры (Арменія), Магілёве (Беларусь), Алматы (Казахстан), Ошы (Кыргызстан). У 2015 годзе культурнымі сталіцамі Садружнасці сталі Варонеж (Расія) і Куляб (Таджыкістан).
"Такім чынам, з 2011 года ва ўсіх краінах, якія ўдзельнічаюць у праграме, акрамя Малдовы, гарады аб'яўляліся культурнымі сталіцамі, пры гэтым у Беларусі, Казахстане, Расіі - двойчы", - адзначылі ў прэс-службе.
"У большасці гарадоў - культурных сталіц Садружнасці праграма стала адным з дзейсных інструментаў развіцця тэрыторый, абнаўлення аб'ектаў мясцовай інфраструктуры, рэалізоўваліся мерапрыемствы, якія садзейнічалі развіццю шырокага міжкультурнага дыялогу. Праграма садзейнічала папулярызацыі гарадоў і нацыянальных брэндаў у СНД і за яе межамі, актывізацыі культурна-пазнавальнага турызму. Пазітыўным з'яўляецца адлюстраванне факта надання гарадам статусу культурнай сталіцы Садружнасці ў экспазіцыях краязнаўчых музеяў", - лічаць у прэс-службе.
Члены Савета пастаянных прадстаўнікоў абмяркуюць існуючыя пазітыўныя і праблемныя аспекты рэалізацыі праграмы і намецяць меры па яе далейшым развіцці.