27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў адобрыў праект пагаднення з Еўрапейскім саюзам (ЕС) аб фінансаванні праграмы "Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі". Адпаведная пастанова ад 23 кастрычніка 2015 года нумар 896 апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Згодна з дакументам праект пагаднення паміж урадам Беларусі і Еўрапейскім саюзам аб фінансаванні праграмы "Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі" адобраны ў якасці асновы для правядзення перагавораў.
Міністэрства адукацыі ўпаўнаважана на правядзенне перагавораў па праекце пагаднення. Ведамству дазволена пры неабходнасці ўносіць у яго змяненні і дапаўненні, якія не маюць прынцыповага характару. Таксама Мінадукацыі атрымала права падпісаць пагадненне пры дасягненні дамоўленасцей у рамках адобранага праекта.
Пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.