27 лістапада, Будапешт /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне кіраўнікоў урадаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Кітая ў фармаце "16+1" праходзіць у Будапешце (Венгрыя), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларусь удзельнічае ў саміце ў якасці наглядальніка. Дэлегацыю на мерапрыемстве ўзначальвае прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Кіраўнік урада сёння таксама прыняў удзел у адкрыцці эканамічнага, гандлёвага і фінансавага форуму, які праходзіць у час саміту і сабраў больш за 1 тыс. бізнесменаў.
Адкрываючы саміт, прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан прапанаваў падвесці вынікі работы, праведзенай пасля мінулгодняга саміту ў Рызе, і абмеркаваць план далейшага ўзаемадзеяння. У прыватнасці, адной з ключавых задач на перспектыву будзе развіццё мытнага супрацоўніцтва Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Кітая - гэтай тэме будзе прысвечаны форум краін ЦУЕ і Кітая, які пройдзе ў чэрвені 2018 года. "Думаю, што адбудзецца значны прарыў, калі мы заключым пагадненне, якое датычыцца мытных пытанняў і накіравана на тое, каб пакончыць з бюракратычнымі перашкодамі", - адзначыў Віктар Орбан. Еўропа таксама разлічвае на павелічэнне турпатоку з Кітая, для гэтага плануецца адкрыццё новых авіярэйсаў, якія звяжуць Еўрапейскі і Азіяцкі рэгіёны.
Прэм'ер Дзяржсавета КНР Лі Кэцян у сваю чаргу заклікаў пачаць новую главу ў супрацоўніцтве ў рамках ініцыятывы "16+1". "Хоць мы геаграфічна аддаленыя адзін ад аднаго, фармат "16+1" дабіўся значных поспехаў. У глабалізаваным свеце нам патрэбна міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, - заявіў прэм'ер Дзяржсавета КНР. - У нашым фармаце мы змаглі рухацца па шляху развіцця, які адаптаваны да спецыфічных нацыянальных асаблівасцей".
Кітай таксама выступае за пашырэнне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння ў фармаце "16+1". "Мы павінны знайсці кропкі росту для прадпрымальніцтва і інавацый", - перакананы прэм'ер Дзяржсавета КНР. Кітай мае намер аддаваць Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прыярытэт у фінансаванні праектаў, на гэта будуць арыентаваны кітайскія Эксімбанк і Банк развіцця.
Па выніках сённяшняга пасяджэння кіраўнікоў урадаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Кітая плануецца падпісанне шэрага дакументаў.
Фармат супрацоўніцтва "16+1" быў ініцыіраваны Кітаем. Яго мэта - актывізацыя ўзаемадзеяння КНР з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Албанія, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Латвія, Літва, Македонія, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Эстонія) у галіне інвестыцый, транспарту, фінансаў, навукі, адукацыі і культуры. Першы саміт "16+1" адбыўся ў 2012 годзе ў Варшаве (Польшча).