4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў у час сустрэчы ў Нью-Ёрку з адміністратарам ПРААН Хелен Кларк, якая завяршае сваю дзейнасць на гэтай пасадзе, абмеркаваў перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва па чарнобыльскай тэматыцы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
"Беларускі дыпламат выказаў словы ўдзячнасці Хелен Кларк за самаадданую працу як на пасадзе кіраўніка ПРААН, так і ў якасці каардынатара міжнароднага ўзаемадзеяння ААН па Чарнобылі, яе асабісты ўклад у развіццё чарнобыльскага супрацоўніцтва. Субяседнікі абмяняліся думкамі аб ходзе і перспектывах міжнароднага супрацоўніцтва па чарнобыльскай тэматыцы ў кантэксце прыняцця Генасамблеяй ААН у снежні 2016 года новай рэзалюцыі па Чарнобылі", - расказалі ў ведамстве.
У красавіку 2016 года Прэзідэнт Беларусі ўзнагародзіў Хелен Кларк ордэнам Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААН па правядзенні комплекснай рэабілітацыі і забеспячэнні ўстойлівага развіцця раёнаў, што пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.