22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас абмеркаваў з паслом В'етнама ў Беларусі Фам Хаем нарошчванне інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж краінамі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт урада.
"Абмеркаваны актуальныя пытанні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва дзвюх краін, перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння, у тым ліку нарошчванне інвестыцыйнай актыўнасці. Адзначана важнасць максімальнага выкарыстання пераваг пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж дзяржавамі - членамі ЕАЭС і В'етнамам, што ўступіла ў сілу ў кастрычніку 2016 года", - гаворыцца ў паведамленні ўрада.
Тавараабарот Беларусі і В'етнама па выніках 2018 года склаў $115,3 млн, у тым ліку беларускі экспарт - $61,6 млн, імпарт - $53,7 млн. Сальда ўзаемнага гандлю склалася дадатным для Беларусі ў памеры $7,9 млн. Асноўныя таварныя пазіцыі экспарту - калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, комплексныя сінтэтычныя ніці, трактары, замарожаная ялавічына, поліаміды, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў.