12 кастрычніка, Душанбэ /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас пацвярджае гатоўнасць Беларусі развіваць адносіны з Кітаем. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Румас падзякаваў Лі Кэцяну за асабістую ўвагу да развіцця беларуска-кітайскіх адносін. "Наша сустрэча праходзіць на тэрыторыі трэцяй дзяржавы, але я ўпэўнены, што ў бліжэйшы час мы павінны сустрэцца ў Кітаі або Беларусі", - сказаў ён.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што лідары Беларусі і Кітая правялі сустрэчу на саміце ШАС у Цындаа. Па выніках сустрэчы быў дасягнуты шэраг важных дамоўленасцей, якія ўжо рэалізаваны. Паміж краінамі ўстаноўлены бязвізавы рэжым. "Гэта даказвае наша ўзаемнае імкненне да практычнага развіцця двухбаковых адносін", - падкрэсліў Сяргей Румас.
Беларусь і Кітай рыхтуюцца правесці ў чэрвені 2019 года міжнародны форум ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях". Беларускі бок разлічвае на ўдзел у ім старшыні КНР Сі Цзіньпіна.
Тавараабарот Беларусі і мацерыковага Кітая за студзень-ліпень 2018 года склаў $1 млрд 971,1 млн (129 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2017 года). Асноўныя крыніцы экспарту - калійныя ўгнаенні, поліаміды, лён, малако і вяршкі згушчаныя і сухія, вырабы з каменю, малочная сыроватка, электронныя інтэгральныя схемы, рапсавы алей.