20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У МЗС Беларусі адбылася сустрэча начальніка ўпраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Дзяніса Сідарэнкі з дэлегацыяй Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ на чале з начальнікам аддзела па пытаннях дэмакратычнага кіравання і гендарнай праблематыцы Марчынам Валецкім, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У час сустрэчы адбыўся абмен думкамі аб развіцці практычнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і БДІПЧ АБСЕ, уключаючы рэалізацыю сумесных праектаў у галіне чалавечага вымярэння. У прыватнасці, абмеркаваны перспектывы правядзення ў 2016 годзе ў Мінску семінара-трэнінгу па праблематыцы міжнародных стандартаў правасуддзя, а таксама міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай пытанням удзелу жанчын у палітычным жыцці.
Праграма рабочага візіту дэлегацыі БДІПЧ таксама прадугледжвае сустрэчы ў Вярхоўным судзе, Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў, Беларускім дзяржаўным універсітэце, Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.