22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні развіцця лікёра-гарэлачнай галіны ў Беларусі вынесены на нараду ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Алкагольная прадукцыя - тавар асаблівы, падакцызны, і ва ўсім свеце ён рэгулюецца строга дзяржавай. Беларусь - не выключэнне. Напэўна, у нас самае строгае рэгуляванне, паколькі існуе пэўная манаполія на вытворчасць і рэалізацыю алкаголю. І я абсалютна ўпэўнены, што мы на гэтым этапе павінны, паглядзеўшы на гэта пытанне, гэту манаполію ўзмацніць, зыходзячы з вопыту работы апошніх гадоў", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на нарадзе неабходна абмеркаваць і праблемы ў сувязі са спажываннем алкаголю насельніцтвам. "Не сакрэт, што гэты прадукт з'яўляецца сур'ёзнай падтрымкай для нашага бюджэту. Так усюды, у любой дзяржаве, мы гэта не ўтойваем. Але не гэта галоўнае. Галоўнае - наступствы гэтага піцця, таму хацелася б, каб прысутныя тут адказныя за развіццё алкагольнай галіны закранулі і пытанне наступстваў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што тэматыка развіцця лікёра-гарэлачнай галіны ўжо абмяркоўвалася на высокім узроўні тры гады таму. Тады былі падрабязна разгледжаны праблемы гэтай сферы і прыняты неабходныя рашэнні. "Сёння пытанне ў тым, наколькі гэтыя рашэнні адпавядалі духу часу, зыходзячы ўжо з практыкі. Таксама былі вызначаны напрамкі эфектыўнага развіцця галіны - сёння трэба адказаць на пытанне, чаго не хапае ў гэтым плане", - сказаў беларускі лідар.
У якасці аднаго з пытанняў ён абазначыў абарону ўнутранага рынку: "Нельга дапускаць з'яўлення няякаснай прадукцыі і ценявога абароту алкагольных напіткаў. Гэта, перш за ўсё, пагроза жыццю і здароўю людзей".
"Не скажу, што ў нас ужо вельмі вялікая праблема з гэтай справай, асабліва з імпартам недабраякаснай прадукцыі з-за мяжы (імпарт у нас складае ўсяго 3-3,5 працэнта, і тое тых прадуктаў, якія мы не вырабляем)", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў з'яўленне прыкмет нядобрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку, наяўнасць складанасцей ва ўзаемаразліках паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі, марудны рост экспарту. "Насцярожвае, што ўрад, мясцовая ўлада, сілавыя структуры, ды і самі вытворцы, глядзяць на вырашэнне праблем па-рознаму і не змаглі выпрацаваць узгодненую пазіцыю", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што па выніках нарады неабходна прыйсці да ўзважаных, сістэмных і канчатковых рашэнняў. "Аднак зрабіць гэта трэба прафесійна і аб'ектыўна, паколькі любое змяненне або новаўвядзенне закранае як спажыўцоў, так і работнікаў галіны. А ўсе яны нашы людзі, і мы ў першую чаргу павінны ўлічваць іх інтарэсы", - дадаў Прэзідэнт.
Як адзначыў у пачатку нарады віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, прынятыя на аналагічнай нарадзе ў 2015 годзе рашэнні мелі станоўчы эфект. У прыватнасці, забяспечваецца абарона ўнутранага рынку, удасканалены парадак кватавання вытворчасці алкагольнай прадукцыі, былі ўзгоднены мерапрыемствы па павелічэнні дзеючых і стварэнні новых вытворчых магутнасцей. Прыняты таксама эфектыўныя рашэнні па спыненні ўвозу ў краіну шэрага імпарту і кантрафактнай прадукцыі.
"На пляцоўцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Беларусь упэўнена адстойвае выпрацаваную пазіцыю па захаванні абавязковай сертыфікацыі алкагольнай прадукцыі ў мэтах абароны жыцця і здароўя людзей, паступлення якаснай прадукцыі на рынак", - сказаў Міхаіл Русы.
Яшчэ адной тэмай нарады стала сітуацыя ў аграрнай галіне - завяршэнне ўборачных работ і падрыхтоўка да веснавой сяўбы.