17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расія плануе прадаставіць Беларусі крэдыт на $1,5 млрд у два этапы. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на міністра фінансаў РФ Антона Сілуанава.
Паводле слоў Антона Сілуанава, у 2020 годзе маюць намер прадаставіць $1 млрд, з якіх $500 млн - за кошт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, $500 млн - за кошт міждзяржкрэдыту. У наступным годзе - $500 млн за кошт міждзяржкрэдыту.
Міністр таксама адзначыў, што ўсе ўмовы прапрацоўваюцца з беларускім Мінфінам. Антон Сілуанаў падкрэсліў: кошт пазык будзе крыху вышэйшы за кошт пазык на рынку АФП.
"Мы будзем звяртацца да калег з тым, каб гэты інстытут (Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця) прыняў рашэнне аб невялікай праграме падтрымкі Беларусі", - дадаў Сілуанаў.
Кіраўнік Мінфіна нагадаў, што для прадастаўлення міждзяржаўнага крэдыту РФ патрэбны заканадаўчыя папраўкі. "Такія папраўкі падрыхтаваны ў Бюджэтны кодэкс. Як толькі яны будуць прыняты, мы пачнём работу па прадастаўленні міждзяржкрэдыту", - сказаў на заканчэнне Сілуанаў.