31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Масква будзе абараняць Беларусь і дапамагаць ёй, калі ЕС увядзе супраць Мінска эканамічныя санкцыі, сказаў у інтэрв'ю РІА Навіны дырэктар Дэпартамента эканамічнага супрацоўніцтва МЗС РФ Дзмітрый Бірычэўскі.
"Я думаю, што мы будзем абараняць нашага партнёра Беларусь, мы будзем дапамагаць нашым саюзнікам. А тое, што прыдумляюць заходнікі супраць Беларусі, выклікае абсалютна негатыўныя эмоцыі. Таму што перш за ўсё трэба правесці расследаванне таго, што здарылася, а потым думаць над тым, як на гэта рэагаваць, а не рабіць паспешныя заявы", - сказаў Дзмітрый Бірычэўскі.
Каменціруючы магчымасць люстранога адказу ў выпадку ўвядзення санкцый ЕС супраць Мінска, якія закранаюць транзіт расійскага газу, Дзмітрый Бірычэўскі адзначыў: "Мы не можам рэагаваць на тыя меры, якія ўведзены ў адносінах да іншай краіны, нам трэба абмеркаваць гэта з партнёрамі і паглядзець, што мы можам зрабіць".
Раней кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль паведаміў агенцтву "Франс Прэс", што кіраўнікі МЗС Еўрасаюза пры абмеркаванні эканамічных сектаральных санкцый па Беларусі разгледзяць пытанні экспарту калію і транзіту расійскага газу праз рэспубліку.