Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

28 Кст 2019

Раўкоў расказаў, якія меры рэагавання прыме Беларусь на вучэнні НАТА

Раўкоў расказаў, якія меры рэагавання прыме Беларусь на вучэнні НАТА

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прыме шэраг мер для адэкватнага рэагавання на размяшчэнне тэхнікі НАТА каля беларускіх граніц і правядзенне вучэнняў НАТА Defender Europe. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр абароны Андрэй Раўкоў пасля даклада кіраўніку дзяржавы аб ваенна-палітычнай абстаноўцы, рызыках, выкліках і пагрозах для Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У рамках ваеннага складніка ў час работы з кіраўніком дзяржавы быў прыняты шэраг рашэнняў, якія дадуць магчымасць нам нарасціць намаганні па адэкватным рэагаванні на дзеянні групоўкі на суседняй тэрыторыі. Гэта будуць меры па кантролі за ўзбраеннямі, адпраўцы інспекцыйных груп на сумежную тэрыторыю, узмацненні задач разведкі", - расказаў Андрэй Раўкоў.

Будуць прыняты меры па ўзмацненні беларускай дзяржаўнай граніцы, павялічана колькасць сухапутнага кантынгенту на літоўскім напрамку. Акрамя ваеннага складніка, прымаецца шэраг інфармацыйных і дыпламатычных мер. Гэта, паводле слоў міністра абароны, дасць магчымасць востра паставіць пытанне аб прысутнасці войскаў НАТА паблізу беларускай граніцы.

"У рамках рэагавання на гэтыя мерапрыемствы будуць праводзіцца асобныя тактычныя дзеянні на гэтым напрамку ракетнымі войскамі, артылерыяй, авіяцыяй, мотастралкамі, дэсантнікамі, сумеснымі дзеяннямі з пагранічнікамі. Мерапрыемстваў дастаткова - і планавых, і тых, якія зацверджаны сёння кіраўніком дзяржавы на нарадзе", - дадаў кіраўнік абароннага ведамства.

Што датычыцца ваеннага супрацоўніцтва з Расіяй, у наступным годзе бакі планавалі перапрацаваць план прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў. Ён будзе зменены з улікам бягучай абстаноўкі. Так, ваеннаслужачыя Беларусі і Расіі будуць праводзіць сумесную разведку ў сувязі з натаўскімі вучэннямі.

"Гэтыя меры абсалютна адэкватныя тым мерапрыемствам, якія праводзяцца на суседняй тэрыторыі. Яны дадуць магчымасць нам рэагаваць і трымаць на пастаянным кантролі гэту сітуацыю і абстаноўку, - заявіў Андрэй Раўкоў. - Што датычыцца грамадскасці, як міжнароднай, так і беларускай, яна павінна ведаць, што Узброеныя Сілы, займаючыся ў планавым парадку сваёй штодзённай дзейнасцю, змогуць забяспечыць мірную працу і абарону нашага народа".

Міністр абароны таксама звярнуў увагу, што за апошнія гады групоўка НАТА ў суседніх з Беларуссю краінах вырасла ў некалькі разоў. "З 2014 года і 2017 года адпаведна аперацыі "Атлантычная рашучасць" і "Узмоцненая перадавая прысутнасць", якія праводзіць НАТА ў асноўным з-за процістаяння з Расійскай Федэрацыяй, далі магчымасць узмацніць гэту групоўку, якая знаходзіцца на сумежнай тэрыторыі краін Балтыі, Польшчы, у трынаццаць разоў - недзе з 550 да 7,3 тыс. чалавек, - заўважыў ён. - Плюс нарошчваюцца і матэрыяльныя сродкі, тэхніка, боепрыпасы".

Групоўка, якая ствараецца на палігоне каля літоўскага горада Пабрадэ, - гэта танкавы батальён, які складаецца з дзвюх танкавых і дзвюх пяхотных рот. Яны прыбываюць ужо і разгортваюцца на гэтай тэрыторыі, якая знаходзіцца за 15 км ад беларускай граніцы. Інфраструктура палігона падрыхтавана для правядзення розных вучэнняў з гэтай групоўкай. "Я так разумею, што гэта рабілася доўгі час менавіта для ўзмацнення натаўскай прысутнасці на сумежнай тэрыторыі, - адзначыў Андрэй Раўкоў. - Мы для рэагавання на ўсе бягучыя працэсы, вядома, прымаем меры, і яны планавыя".

Вучэнне НАТА Defender Europe, заявіў міністр, не так страшна, аднак некаторыя моманты не могуць не насцярожваць. "Ідзе пастаяннае павелічэнне кантынгенту - гэта па-першае. Па-другое, нават мы, праводзячы вучэнні на тэрыторыі Беларусі, не трымаем войскі па паўгода, як гэта прадугледжваецца на гэтым палігоне ў тым ліку на астравецкім напрамку. Гэта непрымальна для нас. Калі мы праводзім вучэнні на палігоне паблізу дзяржаўнай граніцы, то гэта максімум два тыдні", - звярнуў увагу кіраўнік ваеннага ведамства.

Як паведамлялася, 28 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Станіслава Зася, міністра абароны Андрэя Раўкова і начальніка галоўнага разведвальнага ўпраўлення - намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Паўла Ціханава. Яны праінфармавалі кіраўніка дзяржавы аб ваенна-палітычнай абстаноўцы, што складваецца ў сувязі з размяшчэннем амерыканскіх войскаў каля граніц Беларусі і падрыхтоўкай краін Паўночнаатлантычнага альянсу да маючых адбыцца вучэнняў.

"Гэта, вядома, бранятанкавы кулак, не трэба прымяншаць значэнне. Але 30 танкаў і 30 бронемашын - гэта проста смешна супраць беларускай арміі. Мы ж, як я часта кажу, чатыры мадэрнізацыі сваёй арміі правялі, і мы цудоўна разумелі, якія кулакі будуць створаны каля нашых граніц і з якім праціўнікам, не дай бог, зможам сутыкнуцца, - сказаў беларускі лідар. - Мы да гэтага рыхтаваліся, таму 30 танкаў проста смешна для нашай арміі. Мы нават ніякіх рухаў можам не рабіць, каб процістаяць".

Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пытанне ў іншым. "Ніколі яшчэ так дэманстратыўна да нашых граніц з-за акіяна не перакідваліся войскі. Ніколі такога не было. Па-мойму, у Літве нават гэта ўпершыню. Гэта прэцэдэнт. І гэта па-першае. Па-другое, зразумела, на такія дэманстрацыі мы проста вымушаны адказваць. Пры гэтым трэба разумець, што мы не павінны бразгаць зброяй. Мы міралюбная дзяржава, мы не хочам ваяваць", - заявіў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі