6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў правёў сустрэчу з начальнікам Галоўнага ўпраўлення тылавога забеспячэння Цэнтральнага ваеннага савета Кітая генерал-палкоўнікам Чжао Кэшы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства абароны.
Кіраўнік кітайскай ваеннай дэлегацыі таксама прыняў удзел у перагаворах з намеснікам міністра абароны па тыле - начальнікам тылу Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёрам Віталем Кірэевым. Бакі абмеркавалі пытанні двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва.
Візіт ваеннай дэлегацыі Кітая ў Беларусь праходзіць 5-8 чэрвеня. У час яго прадстаўнікі Народна-вызваленчай арміі Кітая (НВАК) наведалі 2336-ю базу захоўвання рэчавай маёмасці. Таксама запланавана наведванне гасцямі 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра УС Беларусі.