Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

2 Ліп 2019

Радзіму павінны абараняць усе - Лукашэнка пракаменціраваў спрэчкі вакол новага закона аб службе ў арміі

Радзіму павінны абараняць усе - Лукашэнка пракаменціраваў спрэчкі вакол новага закона аб службе ў арміі

2 ліпеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, пракаменціраваў спрэчкі вакол паправак у законы па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы заўсёды гаварылі, і я гэта прайшоў спаўна і маю права сказаць: Радзіму, Айчыну павінны абараняць усе. Усе, асабліва мужыкі. Мы сталі нахабнымі да такой ступені, што на жанчын пачалі перакладваць і гэту праблему, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У Беларусі гэтага быць не павінна! Жанчына павінна адказваць за сваё, а мы павінны забяспечваць сям'ю і абараняць радзіму, сваю сям'ю і сваю жанчыну".

Прэзідэнт заўважыў, што апошнім часам у інтэрнэце бурна абмяркоўваецца некалькі тэм, у тым ліку папраўкі ў законы, якія датычацца службы ў арміі. "Разгарнулася бурная палеміка: як будзем служыць у арміі? Чытай - а як будзем абараняць сваю зямлю, сваю Айчыну, як? - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Бедны міністр абароны Раўкоў: яго стапталі ўжо ўздоўж і ўпоперак - не тое прапанаваў, не тое ваенныя вынеслі на разгляд парламента, а тыя нешта там прынялі, а заўтра будзе катастрофа. Ды супакойцеся. Прэзідэнт не паставіў подпіс ні на адным дакуменце, дзе вы думаеце аб катастрофе".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, за каментарыямі ў інтэрнэце хаваюцца тыя, хто перш за ўсё "дбаў" пра суверэнітэт і незалежнасць. "Я вас папярэджваў, што суверэнітэт і незалежнасць - гэта самыя дарагія рэчы, яны вельмі дорага каштуюць, і не толькі ў грашовым выражэнні. І наша грамадства на ўра ўспрыняло - будзем суверэнныя і незалежныя. Асабліва тыя, хто сёння там папісваюць. А калі паўстала пытанне пра абавязак, пра цану незалежнасці хаця б у частцы абароны суверэнітэту, усе закрычалі: "Не!" - заўважыў ён.

Праціўнікі новага закона, адзначыў Прэзідэнт, у сваіх каментарыях у інтэрнэце прапануюць падзяліць грамадства на нейкія класы: адны, простыя грамадзяне, будуць абараняць краіну, а іншыя - працаваць, атрымліваць адукацыю, жыць за мяжой, але не ваяваць за Радзіму. "Я як Прэзідэнт, абдумваючы падкінутую тэму, пачынаю разважаць, мне ж закон падпісваць: а якія ёсць варыянты, акрамя тых, якія прапісаны або будуць прапісаны ў законе?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ёсць некалькі магчымых варыянтаў вырашэння сітуацыі. Адзін з іх - звярнуцца па абарону у НАТА. "Калі мы вельмі папросім, яны нам паабяцаюць. І тыя, якія папісваюць у інтэрнэце, з задавальненнем гэта прынялі б. Вы хочаце гэты варыянт? Я - не", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Іншы магчымы варыянт развіцця падзей датычыцца ўступлення Беларусі ў склад Расіі, дадаў Прэзідэнт. "Мы можам папрасіць, каб яны нас абаранялі, - ядзерны парасон, гіпергукавая зброя і іншае. Можам папрасіць і дамовіцца. Я думаю, прынамсі, для нашага пакалення хопіць, а дзеці - самі няхай разбіраюцца потым, - саркастычна заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Вы хочаце ў склад Расіі, каб яна нас абараняла? Не. І я не хачу".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для беларусаў застаецца трэці варыянт: самім абараняць сябе. "І тыя, хто папісваюць, так і разважаюць, толькі думаюць, што не яны будуць са стрэльбай хадзіць ад Брэста да Смаленска, не яны будуць на бранятэхніцы, у самалётах лятаць, абараняючы нашу краіну, а тыя, якія не могуць нікуды паступіць і гэтак далей. Вы хочаце, каб было так? Я - не. Пасля мяне - калі ласка", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што той, хто не змог атрымаць урок з гісторыі і мінулай вайны, сёння будзе зноў біты. "І калі нехта сюды прыйдзе, ён не будзе глядзець: гэта селянін, урач ці рабочы, - адзначыў ён. - Урокі трэба атрымліваць з усіх падзей, каб выстаяць, вытрымаць і каб быць па-сапраўднаму суверэнным і незалежным".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі