8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рабочая група па справах беларусаў замежжа з'явіцца ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Размова аб гэтым ішла 7 снежня на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе парламента.
"Члены савета вырашылі стварыць рабочую парламенцкую групу па справах беларусаў замежжа", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Плануецца, што ўзначаліць рабочую групу старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, з боку Палаты прадстаўнікоў у яе ўвойдуць дэпутаты Вольга Папко, Валянціна Ражанец і Алена Анісім. Да іх таксама далучацца члены верхняй палаты беларускага парламента.
Цяпер у Палаце прадстаўнікоў дзейнічаюць толькі рабочыя групы па супрацоўніцтве з канкрэтнымі краінамі, усяго такіх груп дружбы створана больш за 70.
На пасяджэнні таксама было прынята рашэнне запрасіць у Беларусь з афіцыйным візітам парламенцкую дэлегацыю Амана.
Раней, у 2014 годзе, Нацыянальным сходам быў прыняты закон аб беларусах замежжа. Адпаведны законапраект быў падрыхтаваны Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам культуры пры ўдзеле іншых міністэрстваў і ведамстваў. Дакументам рэгулюецца парадак аднясення асоб да беларусаў замежжа, а таксама рэгламентуюцца меры дзяржаўнай падтрымкі гэтай катэгорыі грамадзян.