29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанне аб узаемнай адмене віз паміж Беларуссю і Рэспублікай Карэя будзе прапрацоўвацца. Аб гэтым паведаміў журналістам член Камітэта Нацыянальнай асамблеі па стратэгіі і фінансах, кіраўнік парламенцкай Асацыяцыі дружбы Рэспубліка Карэя - Беларусь Шын Ге Рун, які сёння сустрэўся са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наконт заключэння пагаднення аб бязвізавым рэжыме магу сказаць, што цяпер абодва бакі дасканала вывучаюць гэта пытанне. Праз пасольства (Беларусі. - Заўвага БЕЛТА.) у Рэспубліцы Карэя будзем яшчэ збіраць неабходную інфармацыю", - сказаў Шын Ге Рун.
Паводле яго слоў, пытанне аб адмене віз таксама абмяркоўвалася напярэдадні ў час сустрэчы карэйскіх дэпутатаў з беларускімі калегамі. "Мы яшчэ раз пераканаліся ў неабходнасці падпісання пагаднення ў будучым. Пасля таго як я вярнуся ў Карэю, прадоўжу вывучаць гэта пытанне. Думаю, што ў будучым яно будзе вырашана", - дадаў парламентарый.
Цяпер Рэспубліка Беларусь і Рэспубліка Карэя на ўзаемнай аснове прымяняюць візавы рэжым уезду для грамадзян, якія прыбываюць на тэрыторыю іншай краіны па агульнаграмадзянскім пашпарце. Для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў дзейнічае бязвізавы рэжым для паездак тэрмінам не больш як 90 дзён у адпаведнасці з двухбаковым пагадненнем ад 5 лістапада 2007 года.
Шын Ге Рун на працягу доўгага часу падтрымлівае ідэю адмены віз паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Карэя, праводзіў адпаведныя кансультацыі ў дзяржаўных органах. Пытанне адмены віз пры паездках грамадзян абмяркоўвалася з паўднёвакарэйскім бокам у тым ліку на ўзроўні першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі.