2 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін накіраваў віншаванне Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, які адзначаецца сёння, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Крамля.
"У гэтым годзе мы адзначаем 20-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, - гаворыцца ў віншаванні. - За мінулы з таго часу перыяд нашы краіны значна рушылі наперад па шляху ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і інтэграцыі. Рэалізуюцца маштабныя сумесныя праекты ў гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай, навукова-тэхнічнай і іншых галінах, пашыраецца міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне. Каардынацыя намаганняў у сферах знешняй палітыкі і абароны садзейнічае ўмацаванню міжнародных пазіцый Расіі і Беларусі, забеспячэнню бяспекі нашых грамадзян".
Уладзімір Пуцін высока ацаніў дасягнуты ўзровень саюзніцкіх сувязей, які дазваляе грунтоўна абмяркоўваць самыя складаныя пытанні двухбаковага парадку дня, знаходзіць рашэнні, якія найлепшым чынам адпавядаюць інтарэсам брацкіх народаў дзвюх краін.