17 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэзентацыі абласцей Беларусі, якія праходзяць на працягу паўгода ў беларускім павільёне на ВДНГ у Маскве, завершацца выставай, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.
Цяпер на галоўнай выставачнай пляцоўцы Расіі праходзяць Дні Брэсцкай вобласці, якія ўрачыста адкрыліся 11 студзеня і прадоўжацца да 29 студзеня. Плануецца, што эстафету ў Брэстчыны прыме Віцебская вобласць, якая пакажа свае дасягненні ў павільёне "Рэспубліка Беларусь" з 2 па 26 лютага. У сакавіку надыдзе чарга Гродзенскай вобласці. Згодна з папярэднім графікам, з канца сакавіка на ВДНГ разгорнецца экспазіцыя Магілёўскай вобласці, з канца красавіка - Гомельскай вобласці. У другой палове мая масквічоў і гасцей расійскай сталіцы будзе вітаць Мінская вобласць, а затым - Мінск.
На 28 чэрвеня ў павільёне "Рэспубліка Беларусь" запланавана адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэту выставу, якая прадоўжыцца арыенціровачна да сярэдзіны ліпеня, падрыхтуе Міністэрства культуры Беларусі.