26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумеснае пасяджэнне Прэзідыумаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі навук пройдзе 30 сакавіка ў Маскве. Для ўдзелу ў мерапрыемстве ў расійскую сталіцу адпраўляецца прадстаўнічая дэлегацыя вядомых вучоных НАН Беларусі на чале са старшынёй Прэзідыума Уладзімірам Гусаковым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.
Удзельнікі сумеснага пасяджэння Прэзідыумаў РАН і НАН Беларусі разгледзяць шэраг пытанняў. Сярод іх - важнейшыя вынікі дзейнасці Міжакадэмічнага савета па праблемах развіцця Саюзнай дзяржавы і рэалізацыя саюзных праграм, перспектыўныя праекты.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена каардынацыі дзейнасці РАН і НАН Беларусі ў галіне новых медыцынскіх тэхналогій па вырашэнні задач прафілактыкі і ліквідацыі наступстваў маштабных эпідэмій.
Навуковая эліта дзвюх краін абмяркуе пашырэнне супрацоўніцтва ў рамках Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, навуковае суправаджэнне распрацоўкі стратэгічных напрамкаў прасторава-тэрытарыяльнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця Расіі і Беларусі на доўгатэрміновы перыяд і канцэпцыю мегапраекта "Адзіная Еўразія". На сумесным пасяджэнні Прэзідыумаў НАН Беларусі і РАН будзе заслуханы даклад аб сумесных навуковых праектах у галіне сельскай гаспадаркі РАН і НАН Беларусі.
31 сакавіка 2021 года адбудзецца візіт дэлегацыі НАН Беларусі на чале са старшынёй Прэзідыума Уладзімірам Гусаковым у Нацыянальны даследчы цэнтр "Курчатаўскі інстытут", дзе пройдуць перагаворы з кіраўніцтвам цэнтра аб пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, а таксама магчымасці рэалізацыі вялікіх сумесных праектаў.
1-2 красавіка 2021 года кіраўнікі навуковых арганізацый прымуць удзел у рабочых нарадах экспертных груп НАН Беларусі і НДЦ "Курчатаўскі інстытут" па напрамках дзейнасці ў галінах, што ўяўляюць узаемную цікавасць.
Нацыянальны даследчы цэнтр "Курчатаўскі інстытут" - адзін з вядучых навуковых цэнтраў свету, міждысцыплінарная нацыянальная лабараторыя. У ХХ стагоддзі Курчатаўскі інстытут адыграў ключавую ролю ў ажыццяўленні бяспекі краіны і развіцці важнейшых стратэгічных напрамкаў, уключаючы распрацоўку і стварэнне ядзернай зброі, атамнага падводнага і надводнага флотаў, атамнай энергетыкі краіны. Сёння ён мае ўнікальную даследча-тэхналагічную базу, выконвае даследаванні і распрацоўкі па шырокім спектры напрамкаў сучаснай навукі і тэхналогій.