21 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, назначаючы сёння новае кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, нагадаў аб сваім даручэнні дасягнуць у 2017 годзе ўзроўню сярэдняй зарплаты па краіне $500, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Яшчэ раз падкрэсліваю - $500 у будучым годзе сярэдняя зарплата. Пры ўсіх цяжкасцях, чаго б гэта ні каштавала, - запатрабаваў беларускі лідар. - Ад гэтага мы нікуды не дзенемся. Таму давайце будзем працаваць у інтарэсах людзей, падтрымліваць іх".
Яшчэ адна тэма, на якой акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы, - пазбаўленне ад залішніх праверак бізнесу і навядзенне парадку з нарматывамі ў розных сферах. "Трэба зрабіць нармальныя нарматывы па ветэрынарыі, санітарыі, пажарнай справе і гэтак далей. Нарматываў некалькі - адпавядаюць - ідзі працуй, - сказаў ён. - Другое - ніякіх хаджэнняў з праверкамі, асабліва новаадкрытых прадпрыемстваў". Разам з тым прадугледжваецца ўзмацніць адказнасць кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання за бяспечную работу на прадпрыемствах і кантроль адпаведных пытанняў.
"Не трэба залішне стаяць над людзьмі. Мы зацвердзім іх (нарматывы) у Прэзідэнта, давядзём да грамадства, і гэта будзе правіла, па якім мы павінны жыць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.