3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перадаў самыя добрыя пажаданні Папу Рымскаму Францыску ў час размовы з апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам, якая адбылася пасля ўрачыстай цырымоніі ўручэння даверчых грамат у Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Перадайце Папу Рымскаму мае самыя добрыя пажаданні, я бясконца яго паважаю. Я сустракаўся з яго папярэднікамі, але гэта лепшы Папа Рымскі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прымаючы даверчыя граматы апостальскага нунцыя, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Асаблівыя адносіны звязваюць Беларусь і Ватыкан. На міжнароднай арэне мы разам паслядоўна развіваем такія важныя ініцыятывы, як барацьба з гандлем людзьмі, процідзеянне насіллю ў адносінах да дзяцей, абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцей".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівае месца ў двухбаковым парадку дня займаюць пытанні міжканфесійнага міру. "Разлічваем на кансалідуючую і канструктыўную ролю каталіцкай царквы ў беларускім грамадстве", - сказаў Прэзідэнт. Ён таксама пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў далейшым паглыбленні ўзаемадзеяння са Святым прастолам.