17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі падпісаў закон "Аб барацьбе з карупцыяй". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Палажэнні закона накіраваны на паслядоўнае ўдасканаленне антыкарупцыйнага заканадаўства Беларусі, у прыватнасці прыняцце дадатковых мер па зніжэнні матывацыі службовых асоб да карупцыйных паводзін, павышэнні ўсведамлення непазбежнасці пакарання за карупцыйныя злачынствы, а таксама на максімальнае ўзмацненне ролі грамадскасці ў выяўленні фактаў карупцыі і інфармаванні аб гэтым праваахоўных органаў.
Закон з'яўляецца цэласным дакументам, які вызначае механізмы папярэджання карупцыі, у тым ліку абмежаванні, што ўстанаўліваюцца для службовых і прыраўнаваных да іх асоб, рэгулюе парадак дэкларавання даходаў і маёмасці такіх асоб, замацоўвае сістэмныя меры па процідзеянні карупцыі.
У дадатак да дзеючых антыкарупцыйных механізмаў законам, у прыватнасці, устанаўліваецца забарона на назначэнне на кіруючыя пасады асоб, звольненых па дыскрэдытуючых абставінах (да заканчэння пяці гадоў пасля такога звальнення), а таксама забарона на прыём на дзяржаўную службу асоб, якія раней учынілі цяжкае або асабліва цяжкае злачынства супраць інтарэсаў службы або звязанае з выкарыстаннем службовай асобай сваіх службовых паўнамоцтваў (бестэрмінова).
Прадугледжваецца пазбаўленне дзяржаўных службовых асоб, якія ўчынілі ў перыяд праходжання службы названыя злачынствы, права на пенсію за выслугу гадоў у адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе і прадастаўленне толькі пенсіі па ўзросце.
Акрамя таго, удасканальваецца парадак дэкларавання даходаў і маёмасці асобных катэгорый дзяржаўных службовых асоб у мэтах максімальна поўнага ўстанаўлення іх рэальнага маёмаснага становішча.
Уводзіцца механізм канфіскацыі ў дзяржаўнай службовай асобы, якая займае адказнае становішча, а таксама паступіла на дзяржаўную службу шляхам выбрання, маёмасці, кошт якой на 25 працэнтаў і больш перавышае даход, атрыманы гэтай службовай асобай за справаздачны перыяд з законых крыніц.
Уносяцца змяненні ў Крымінальны кодэкс Беларусі, Кодэкс Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях і некаторыя іншыя заканадаўчыя акты з улікам практыкі прымянення заканадаўства ў сферы барацьбы з карупцыяй, а таксама ў сувязі з неабходнасцю ўзгаднення з нормамі закона "Аб барацьбе з карупцыяй".
Законам не толькі замацоўваюцца дадатковыя меры барацьбы з карупцыяй, але і рэалізуюцца асобныя ініцыятывы грамадзян, якія паступілі ў час грамадскага абмеркавання праекта закона, накіраваныя на разумную лібералізацыю адносін у гэтай сферы.
У прыватнасці, уводзіцца інстытут грамадскага кантролю ў сферы барацьбы з карупцыяй, замацоўваюцца формы ўдзелу грамадзян у такой дзейнасці (у тым ліку ўдзел у распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў у сферы барацьбы з карупцыяй і ў рабоце камісій па процідзеянні карупцыі).
Адмяняецца забарона на работу па знешнім сумяшчальніцтве для асоб, якія ўчыняюць юрыдычна значныя дзеянні, што не вядуць да істотных наступстваў (начальнікаў падраздзяленняў, службаў, аддзелаў, цэхаў, лабараторый на розных прадпрыемствах). Законам прадугледжваецца распаўсюджванне гэтай забароны выключна на службовых асоб, якія валодаюць рэальнымі дзяржаўна-ўладнымі паўнамоцтвамі (дзяржаўных служачых, ваеннаслужачых, кіраўнікоў і галоўных бухгалтараў дзяржаўных арганізацый і недзяржаўных арганізацый з доляй дзяржаўнай уласнасці не менш за 50 працэнтаў).
Для недапушчэння фармальнага падыходу да прымянення мер спагнання выключаецца адказнасць за малазначныя недакладнасці пры дэклараванні даходаў і маёмасці.