21 мая, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць змяненні ў заканадаўстве аб ахове і выкарыстанні зямель. Такое даручэнне ён даў 21 мая на нарадзе па гэтай тэме, паведаміў журналістам па выніках нарады віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Міхаіла Русага, урад унёс на разгляд кіраўніка дзяржавы шэраг узгодненых з губернатарамі прапаноў па больш эфектыўным выкарыстанні зямельных участкаў у краіне.
Ён адзначыў, што адзін з асноўных напрамкаў - гэта абарона правоў грамадзян ад нядобрасумленных забудоўшчыкаў. У прыватнасці, унесена прапанова, што ў выпадку калі нядобрасумленны забудоўшчык не выканаў свае абавязкі, зямельны ўчастак не выстаўляецца паўторна на аўкцыён. Тым самым не адбудзецца падаражэнне будаўніцтва, участак аператыўна перадаецца іншаму забудоўшчыку, і людзі атрымліваюць жыллё за ранейшы кошт.
Акрамя таго, прапануецца ўскласці на мясцовыя органы ўлады вырашэнне некаторых пытанняў, звязаных з абаронай правоў пэўных катэгорый грамадзян.
"Кіраўнік дзяржавы даў даручэнні па шэрагу напрамкаў. Асабліва адносна старога жылля, незаконна пабудаванага. Урад будзе ўносіць змяненні пакетным прынцыпам у шэраг дакументаў", - сказаў Міхаіл Русы. Ён адзначыў, што на працягу месяца ўрад дапрацуе праект указа, якім прапануецца ўнесці змяненні ў заканадаўства аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў.
На нарадзе таксама ішла размова аб пытаннях кормаўборкі. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што ад сённяшняга дня залежыць у будучым вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі, яе якасць і аб'ёмы рэалізацыі.
Прэзідэнту даложана таксама аб падыходах па добраўпарадкаванні месц адпачынку каля Мінскага мора, Заслаўскага вадасховішча. Для адпачывальнікаў будзе створана максімум выгод, аднак і адказнасць за засмечванне месц адпачынку, пакіданне машын у неналежных месцах будзе жорсткай.