6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па ініцыятыве расійскага боку адбылася тэлефонная размова прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса са старшынёй урада Расійскай Федэрацыі Міхаілам Мішусціным, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт беларускага Саўміна.
Асноўную ўвагу прэм'еры ўдзялілі актуальным пытанням двухбаковага супрацоўніцтва. "Кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расіі абмеркавалі тэму інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, а таксама падрыхтоўку да пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета, які адбудзецца 10 красавіка ў Мінску. Быў абмеркаваны лічбавы парадак дня ЕАЭС, які накіраваны на павышэнне эфектыўнасці эканомікі і паляпшэнне якасці жыцця грамадзян саюза", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Сяргей Румас і Міхаіл Мішусцін у час тэлефоннай гутаркі дамовіліся правесці рабочую сустрэчу па ўсіх актуальных пытаннях у бліжэйшы час.