6 жніўня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Ісламскай Рэспублікі Пакістан Наваз Шарыф 10-12 жніўня наведае з афіцыйным візітам Беларусь. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.
Чакаецца, што прэм'ер-міністр правядзе шэраг афіцыйных сустрэч, наведае машынабудаўнічыя прадпрыемствы. Адбудуцца перагаворы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэм'ер-міністрам Пакістана.
Наваз Шарыф таксама выступіць з кароткай лекцыяй перад студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У дні афіцыйнага візіту прэм'ер-міністра Пакістана ў Мінску пройдзе Беларуска-пакістанскі бізнес-форум.
У маі гэтага года афіцыйны візіт у Пакістан зрабіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік беларускай дзяржавы правёў перагаворы з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам і прэм'ер-міністрам Навазам Шарыфам.
У час візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пакістане пабывала вялікая беларуская дэлегацыя, у склад якой увайшлі як міністры, так і прадпрымальнікі, кіраўнікі буйных дзяржаўных і прыватных структур. За час іх работы былі дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні ў абедзвюх краінах сумесных прадпрыемстваў. Акрамя таго, у Ісламабадзе падпісаны пакет з двух дзясяткаў дакументаў, накіраваных на пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана ў розных сферах, у тым ліку прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, навукі і тэхналогій, інвестыцый, інфармацыі і камунікацый, адукацыі.