27 лістапада, Будапешт /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Латвіі Марыс Кучынскіс наведае Беларусь у лютым 2018 года. Дэталі падрыхтоўкі візіту абмяркоўваліся сёння на сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова з латвійскім калегам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Традыцыйна мы стараемся, каб візіты высокіх службовых асоб мелі сур'ёзнае напаўненне. Хацелася б, каб візіт прэм'ер-міністра Латвіі ў Беларусь суправаджаўся шэрагам праектаў і дакументаў. Думаю, у нас яшчэ ёсць час над імі папрацаваць і належным чынам падрыхтавацца", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з Латвіяй. Пры гэтым асаблівую ўвагу прапануецца ўдзяліць інвестыцыйнаму супрацоўніцтву - аснова для гэтага ёсць: у Беларусі паспяхова працуюць кампаніі з латышскім капіталам, у Латвіі працуе даволі вялікі пул беларускіх кампаній.
Акрамя таго, ёсць перспектывы для пашырэння супрацоўніцтва ў лагістычнай сферы: Латвія мае выхад да мора і добрую партовую інфраструктуру, у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" будуецца вялікі лагістычны цэнтр (своеасаблівы "сухі порт"). "Мы разлічваем, што і латышскі капітал прыйдзе ў парк. Думаю, вам будзе цікава ўвязаць партовую інфраструктуру з магчымасцямі нашага "сухога порта", - сказаў Андрэй Кабякоў.
Марыс Кучынскіс у сваю чаргу адзначыў, што рады магчымасці наведаць Беларусь і разлічвае наведаць індустрыяльны парк "Вялікі камень". "У нас ёсць планы развіваць супрацоўніцтва", - запэўніў прэм'ер-міністр Латвіі.
Андрэй Кабякоў 27 лістапада знаходзіцца з рабочым візітам у Будапешце (Венгрыя), дзе праходзіць пасяджэнне кіраўнікоў урадаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Кітая ў фармаце "16+1". На палях саміту ў яго запланаваны двухбаковыя сустрэчы.