4 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Эстоніі Свен Міксер і прэм'ер-міністр Эстоніі Юры Ратас у гэтым годзе наведаюць з візітамі Беларусь. Пытанні падрыхтоўкі да іх разгледжаны 3 мая ў Таліне на беларуска-эстонскіх кансультацыях паміж міністэрствамі замежных спраў, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Эстоніі.
Беларускую дэлегацыю на мерапрыемстве ўзначальваў дырэктар дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Раман Собалеў, эстонскую - генеральны дырэктар дэпартамента знешнеэканамічнай палітыкі і развіцця МЗС Юры Сейленталь.
У ходзе кансультацый бакі разгледзелі шырокі спектр пытанняў гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Эстоніяй, узаемадзеяння ў рамках "Усходняга партнёрства" і іншых ініцыятыў. Акцэнт быў зроблены на ўзаемавыгадным выкарыстанні транзітнага патэнцыялу Беларусі і Эстоніі, беларуска-эстонскай кааперацыі ў кітайскіх ініцыятывах, у тым ліку эканамічнага пояса Шаўковага шляху, і фармаце "16+1".
Абмяркоўвалася таксама праблематыка ўзаемадзеяння па лініі ЕАЭС-ЕС.