18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапрацоўваецца візіт парламенцкай дэлегацыі Пакістана ў Беларусь. Аб гэтым паведаміў 18 снежня старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у міжсесіённы перыяд сенатараў чакае напружаная міжнародная праграма. Перш за ўсё гэта падрыхтоўка трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца ў Мінску. "Плануецца нарасціць дынаміку двухбаковых кантактаў - цяпер прапрацоўваецца візіт у Беларусь парламенцкай дэлегацыі Пакістана і візіты беларускіх парламентарыяў у Індыю, Іран, Аман", - адзначыў старшыня Савета Рэспублікі.
Будзе прадоўжана работа ў Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і іншых міжнародных арганізацыях, будзе ісці падрыхтоўка да ўдзелу парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў 134-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза.
Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу, што Савет Рэспублікі стаў актыўна выкарыстоўваць вопыт парламенцкай дыпламатыі ў рабоце па нарошчванні і дыверсіфікацыі беларускага экспарту. "Пакуль рана гаварыць аб плённасці гэтай дзейнасці, але мы, напрыклад, узялі на сябе арганізацыю вырашэння пытанняў будаўніцтва чатырох фармацэўтычных заводаў у Беларусі з індыйскімі кампаніямі, забяспечваем стварэнне шэрагам беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў гандлёва-сэрвісных цэнтраў у Індыі, Туркменістане, рэалізацыю некаторых іншых праектаў", - праінфармаваў ён.