24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапановы па выбудоўванні новай сістэмы работы са зваротамі грамадзян агучаны ў час нарады кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта. Аб гэтым журналістам па выніках нарады паведаміла прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Усе пытанні, якія абазначыў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы сустрэчу, былі абмеркаваны вельмі канкрэтна і падрабязна. Кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта агучаны прапановы па выбудоўванні новай сістэмы работы са зваротамі грамадзян. Галоўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы ў гэтым пытанні - слухаць і чуць людзей, бачыць тэндэнцыі і аператыўна на іх рэагаваць, адзначыла прэс-сакратар.
Таксама Прэзідэнту даложаны першыя вынікі праверкі працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны ў дзяржапараце, гэта работа будзе прадоўжана. Прадметам размовы сталі і пытанні кадравай палітыкі, работа сродкаў масавай інфармацыі.
Акрамя таго, памочнікі Прэзідэнта далажылі аб ходзе рэалізацыі стратэгічных праектаў.
Як паведамлялася, для абмеркавання на нарадзе былі ўнесены некалькі блокаў пытанняў, якія датычацца кадравай палітыкі, прэстыжу, статусу дзяржаўнай службы. Аляксандр Лукашэнка ва ўступным слове адзначыў наяўнасць праблемных момантаў з выканальніцкай і працоўнай дысцыплінай сярод дзяржслужачых і ў пытанні работы са зваротамі грамадзян. "Папярэджваю ўсіх, што рашэнні, якія мы прымаем тут (няхай нават не фармалізаваныя, а вусныя мае рашэнні), павінны безагаворачна выконвацца. Цягнуць з пытаннямі або адкладаць іх на доўгі час, пад сукно палажыць не атрымаецца", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, такія нарады з кіраўніцтвам Адміністрацыі будуць мець традыцыйны характар і праводзіцца прыкладна раз у два месяцы. На іх будуць абмяркоўвацца тыя ці іншыя актуальныя пытанні, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні Прэзідэнта. На мерапрыемства таксама былі запрошаны дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась і кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман.