15 сакавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прапановы па ўдасканаленні работы Канстытуцыйнага суда абмяркоўваліся сёння на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з суддзямі Канстытуцыйнага суда, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Надышоў час абмеркаваць некаторыя вынікі функцыянавання Канстытуцыйнага суда, яго перспектывы і ўдасканаленне, вядома ж, работы Канстытуцыйнага суда", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дата нарады выбрана невыпадкова - яна праходзіць у Дзень Канстытуцыі, Прэзідэнт павіншаваў судзейскі корпус і ўсіх прысутных з гэтым вялікім святам. "Для нас гэты дзень асаблівы. Устанавілася пэўная традыцыя і святкавання гэтага дня, і паводзін нашага грамадства ў гэты дзень", - адзначыў ён.
На суддзяў ускладзена асаблівая роля па забеспячэнні вяршэнства Асноўнага Закона рэспублікі і канстытуцыйнага кантролю заканадаўства. "Без справядлівых законаў, дакладных і лагічных правіл нельга развіваць дзяржаву, у якой на першым месцы знаходзяцца дабрабыт, прававая і сацыяльная абароненасць нашых грамадзян", - падкрэсліў беларускі лідар.
Эфектыўнасць дзейнасці судзейскага корпуса ў апошнія гады значна павысілася, заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Вы не проста праводзіце аналіз прававых норм, але і ажыццяўляеце папярэдні кантроль законаў да іх унясення на подпіс Прэзідэнта, а таксама, зыходзячы з літары Асноўнага Закона, выпрацоўваеце рэкамендацыі для правапрымяняльнікаў. Гэта вельмі важна для нашай заканадаўчай галіны ўлады", - дадаў ён.
У час нарады абмяркоўваліся задачы, якія сёння актуальныя для суддзяў Канстытуцыйнага суда, з тым каб іх веды былі максімальна задзейнічаны ў інтарэсах дзяржавы. Разглядаліся перспектывы работы суда, а таксама іншыя пытанні, звязаныя з развіццём судовай сферы і ўдасканаленнем заканадаўства.
У адпаведнасці з арт. 116 Канстытуцыі Беларусі Канстытуцыйны суд кантралюе канстытуцыйнасць нарматыўных актаў у дзяржаве.
Канстытуцыйны суд Беларусі актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці міжнародных арганізацый у сферы канстытуцыйнага правасуддзя, уключаючы Сусветную канферэнцыю па канстытуцыйным правасуддзі, Канферэнцыю еўрапейскіх канстытуцыйных судоў, Канферэнцыю органаў канстытуцыйнага кантролю краін новай дэмакратыі.