17 лютага, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Праграма дзейнасці беларускага ўрада на 2015 год прапануе гібкія меры рэагавання эканомікі на знешнія выклікі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі перад пачаткам пасяджэння Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Будуць прыняты канкрэтныя аператыўныя меры для таго, каб дапамагчы айчынным прадпрыемствам, працоўным калектывам адаптавацца ў сітуацыі рэзкага змянення знешнеэканамічных умоў, забяспечыўшы тыя прыярытэты, якія перад урадам абазначыў кіраўнік дзяржавы, адзначыў першы намеснік міністра. "У прыватнасці, яна прадугледжвае шэраг мер садзейнічання малому і сярэдняму бізнесу", - канкрэтызаваў Аляксандр Забароўскі. Урад улічыў большасць прапаноў, што паступілі ад бізнес-саюзаў.
"Мы ўжо бачым, што ўрад сур'ёзна павялічыў падтрымку малога і сярэдняга бізнесу, у тым ліку праз крэдытны канал, - адзначыў першы намеснік міністра. - Банк развіцця, у прыватнасці, пашырыў праграму крэдытнай падтрымкі малых прадпрыемстваў, бізнесу. І гэта не проста словы і намеры - гэта канкрэтныя дзеянні", - падкрэсліў ён.
Таксама праграма дзейнасці ўрада прадугледжвае комплекс мер, накіраваных на стымуляванне экспарту. У цэлым, паводле слоў Аляксандра Забароўскага, яна прапануе гібкія меры рэагавання беларускай эканомікі на знешнеэканамічныя выклікі з улікам магчымых сцэнарыяў развіцця сітуацыі.
На сёння ўрадам разгледжаны тры сцэнарыі: з улікам прагнозу сярэднегадавой цаны на нафту
$60 за 1 барэль і сярэднегадавога абменнага курса расійскага рубля на ўзроўні 60 расійскіх рублёў за $1. Другі сцэнарый прадугледжвае цану на нафту ў сярэднім па годзе $50 за барэль, курс расійскага рубля - 62 за $1, трэці - $40 за барэль і 80 расійскіх рублёў за долар.Комплекс аператыўных мер, якія будзе прымаць беларускі ўрад у адказ на развіццё знешнеэканамічнай абстаноўкі, разглядаецца сёння на пасяджэнні Савета Міністраў. Таксама, паводле слоў Аляксандра Забароўскага, давядзецца абмеркаваць пакет мер, якія ствараюць умовы для паспяховага старту новай пяцігодкі.