20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі падтрыманы Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і ў бліжэйшы час будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне. Аб гэтым паведаміў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч пасля пасяджэння Савета бяспекі на чале з Прэзідэнтам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказаў дзяржсакратар, прынцыповым патрабаваннем кіраўніка дзяржавы пры распрацоўцы новай рэдакцыі канцэпцыі было выкарыстоўваць напрацаваны вопыт. "Мы захавалі пераемнасць. Структура, базіс, тэарэтычная і метадалагічная аснова канцэпцыі засталіся без кардынальных змяненняў. Акрамя таго, дакумент развівае палажэнні Канстытуцыі ў сферы бяспекі і забяспечвае іх ажыццяўленне. Так, у вызначэнні нацыянальных інтарэсаў знайшло адлюстраванне ключавое палажэнне Асноўнага закона аб грамадскай згодзе, непахіснасці асноў народаўладдзя і прававой дзяржавы", - звярнуў увагу ён.
Маштабная работа над праектам, паводле яго слоў, вялася на працягу года. У складзе міжведамаснай рабочай групы па абнаўленні канцэпцыі нацбяспекі працавалі прадстаўнікі больш як 30 упаўнаважаных дзяржаўных органаў і арганізацый, якія прадстаўлялі ўсе без выключэння сферы жыццядзейнасці. Цяперашняя канцэпцыя дзейнічае ўжо больш за 12 гадоў. Актуальнасць яе абнаўлення выклікана не толькі патрабаваннем Прэзідэнта, агучаным на Усебеларускім народным сходзе, "але і тымі змяненнямі ў сусветнай ваенна-палітычнай абстаноўцы, якія склаліся за гэты прамежак часу, тэндэнцыямі да абвастрэння абстаноўкі, барацьбой паміж Захадам і Усходам, паміж асноўнымі цэнтрамі сілы". У гэтай сітуацыі Беларусь апынулася ў эпіцэнтры процістаяння, якое разгарнулася. Сведчаннем таго з'яўляецца ў тым ліку і згадванне нашай краіны ў Стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША, зацверджанай нядаўна. Хаця раней яна там не фігуравала.
Усе навелы абноўленай канцэпцыі можна аб'яднаць у некалькі буйных блокаў, у кожным з якіх дэталёва па ўсіх відах бяспекі ўнесены адпаведныя змяненні, растлумачыў Аляксандр Вальфовіч. У прыватнасці, удасканалены базавы паняційны апарат, ліквідаваны існуючыя прабелы, актуалізаваны тэндэнцыі сучаснага свету, кардынальна перагледжана сістэма індыкатараў для ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі.
У новым праекце КНБ з'явілася, напрыклад, градацыя пагроз - рызыка, выклік і непасрэдна сама пагроза. Так, рызыка вызначана як небяспека нацыянальным інтарэсам, якая зараджаецца, выклік - небяспека, якая аб'ектыўна фарміруецца, пагроза - рэальная небяспека нацыянальным інтарэсам.
"Прынцыпова важна, што паняцце нацыянальнай бяспекі дапоўнена мэтаўстаноўкай на ўстойлівае развіццё, рух наперад, - падкрэсліў дзяржсакратар у размове з карэспандэнтам БЕЛТА. - Скарэкціраваны паняцці крыніцы пагрозы і ўласна самой пагрозы нацыянальнай бяспецы. У канцэпцыі ўпершыню дадзены азначэнні рызыкі і выкліку нацыянальнай бяспекі, што дасць магчымасць больш эфектыўна ацэньваць яе стан і аператыўна прымаць меры рэагавання. У пералік стратэгічных нацыянальных інтарэсаў упершыню ўключаны новыя палажэнні аб неабходнасці ўсямернай абароны народа Беларусі як унікальнай гістарычнай супольнасці і адзінай крыніцы дзяржаўнай улады". У ліку нацыянальных інтарэсаў замацаваны такія канцэптуальна важныя рэчы, як нацыянальная самабытнасць, дабрабыт і працвітанне, сацыяльная адказнасць грамадзян (а не толькі дзяржавы), грамадская згода.
Таксама з'явіўся новы тэрмін - "электаральны суверэнітэт". "Гэта неад'емнае права незалежнай, суверэннай дзяржавы самастойна, без умяшання звонку праводзіць выбары і рэферэндумы", - заўважыў Аляксандр Вальфовіч.
Асобным новым блокам у КНБ замацавана біялагічная бяспека як адна са сфер нацбяспекі ў цэлым. З'яўленне гэтай сферы тлумачыцца падзеямі апошняга часу ў свеце, у тым ліку пандэміяй і яе ўплывам на палітычную сістэму і эканоміку. Улічвалася таксама правядзенне спецыяльнай ваеннай аперацыі і выяўленне біялабараторый, арганізаваных пад эгідай ЗША, на тэрыторыі Украіны і іншых постсавецкіх краін.
Канкрэтызаваны алгарытм функцыянавання сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў рамках антыкрызіснага рэагавання. З'явіліся новыя суб'екты нацбяспекі - УНС, статус асобных суб'ектаў нацбяспекі нададзены органам пракуратуры і КДК. Удакладнены алгарытм дзеянняў усіх суб'ектаў нацбяспекі па нейтралізацыі сучасных выклікаў і пагроз.
У цэлым канцэпцыя абнавілася практычна на 70 працэнтаў. Пры яе падрыхтоўцы вывучаўся і ўлічваўся сусветны вопыт, у тым ліку аналагічныя стратэгічныя дакументы Расіі, Узбекістана, Казахстана, іншых постсавецкіх краін, а таксама ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі. "У адрозненне ад шэрага краін, дзе такія дакументы маюць закрыты характар, мы ні ад каго нічога не ўтойвалі", - адзначыў Аляксандр Вальфовіч.
Ён звярнуў увагу, што праект канцэпцыі станоўча ацэнены навукова-экспертнай супольнасцю. Асноўныя яе палажэнні, перш за ўсё новыя, прайшлі апрабацыю на больш як 30 рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях з прыцягненнем спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, Інстытута нацыянальнай бяспекі, профільных рэспубліканскіх ВНУ і навукова-даследчых устаноў.
"У цэлым праект канцэпцыі прыняты за аснову. Прэзідэнтам пастаўлена задача прадоўжыць работу, перш за ўсё па растлумачэнні новых палажэнняў канцэпцыі на дыялогавых пляцоўках, у працоўных калектывах. З улікам прапаноў, якія паступяць у ходзе работы на дыялогавых пляцоўках, вынесці гэты дакумент на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу", - растлумачыў Аляксандр Вальфовіч. Паводле яго слоў, Прэзідэнт станоўча ацаніў арганізацыю работы па грамадскім абмеркаванні палажэнняў Канстытуцыі перад яе прыняццем у абноўленай рэдакцыі і даручыў па аналагічным алгарытме пабудаваць работу па абмеркаванні новага праекта Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.
Аляксандр Вальфовіч назваў праект КНБ своеасаблівай інструкцыяй да дзеяння, дзе дадзены дакладныя адказы на пытанні, як і хто павінен рэагаваць на пагрозы і абараняць краіну. Пры гэтым у разлік бяруцца пагрозы як палітычнага, эканамічнага, ваеннага характару, так і гібрыдныя, у тым ліку міграцыйныя, дэмаграфічныя, біялагічныя і іншыя. "Бяры і чытай - інструкцыя да дзеяння", - падагульніў дзяржсакратар.