20 студзеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі мае намер адабраць 5-10 праектаў з розных рэгіёнаў краіны для ўдзелу ў новай праграме ЕС "Арганізацыі грамадзянскай супольнасці і мясцовыя органы ўлады". Аб гэтым сёння паведаміла журналістам у Віцебску каардынатар праектаў аддзела праектаў і праграм прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Тару Кернісала, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праграма нацэлена на практычную рэалізацыю прынцыпу мясцовага самакіравання і ўключэння грамадзянскай супольнасці, мясцовых органаў улады ў працэсы кіравання і развіцця, прыняцця важных рашэнняў. На чатыры гады яе рэалізацыі ў Беларусі (2014-2017 гады) ЕС выдзеліў 8 млн еўра. Прадугледжваецца адабраць 5-10 праектаў, сума фінансавання для кожнага складзе ад 500 тыс. еўра да 1 млн еўра.
Тару Кернісала падкрэсліла, што еўрапейскі бок спадзяецца на субгрантынг з роўным фінансавым удзелам бакоў. ЕС можа працаваць толькі з буйнымі арганізацыямі, якія могуць забяспечыць эфектыўнае ажыццяўленне вялікага праекта, у тым ліку прыцягваючы дробныя кампаніі, якім ужо будуць выдзяляцца субгранты.
Сёння ў Віцебску прайшла інфармацыйная сустрэча, прысвечаная конкурсу заявак па новай праграме. "Мы тут сёння для таго, каб дапамагчы патэнцыяльным заяўнікам падрыхтаваць адпаведныя формы і атрымаць як мага больш добрых заявак, сярод якіх, спадзяёмся, будзе шмат з Віцебскага рэгіёна. Фінансаванне будзе падзелена на два этапы. І першы з іх, у сувязі з чым мы сабраліся, прадугледжвае выдзяленне 3 млн еўра", - растлумачыла Тару Кернісала мэту сустрэчы.
Пры ацэнцы заявак улічваюцца дзве групы крытэрыяў. Першая - адміністрацыйная, якая датычыцца нацыянальнасці заяўнікаў, падрыхтоўкі дакументаў. Другая звязана з тэмай. Праект абавязкова павінен адпавядаць прынцыпу ўключэння грамадзян у прыняцце важных рашэнняў у жыцці мясцовага грамадства або накіраваны на падтрымку мясцовых улад для развіцця рэгіёна. Гэта можа быць развіццё сацыяльных паслуг, стварэнне рабочых месц.
Прыём заявак завершыцца 11 лютага 2015 года. І да канца года прадугледжваецца адабраць усе паспяховыя праекты, падпісаць кантракты паміж бакамі. Праграма з'яўляецца пераемніцай "НДА і мясцовыя органы ўлады", якая мае прыклады паспяховай рэалізацыі ў Беларусі. Праграма "Арганізацыі грамадзянскай супольнасці і мясцовыя органы ўлады" рэалізуецца з 2014 года, але актыўная фаза пачалася толькі ў гэтым годзе. Сустрэчы, аналагічныя віцебскай, ужо адбыліся ў Мінску і Гомелі. У цэлым такая праграма працуе ў 66 краінах свету, і яе агульны бюджэт на 2014-2020 гады складае амаль 1,9 млрд еўра.