3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў дзяржаў - удзельніц СНД па ўзаемадзеянні ў інфармацыйнай сферы прайшлі сёння ў Мінску. Беларускую дэлегацыю на мерапрыемстве ўзначаліў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
У час сустрэчы прадстаўнікі МЗС краін Садружнасці і Выканаўчага камітэта СНД прадметна абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння ў інфармацыйнай сферы пры рэалізацыі інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы. Бакі абмяняліся вопытам па інфармацыйным суправаджэнні знешняй палітыкі. Разгледжаны пытанні арганізацыі прэс-канферэнцый і брыфінгаў, выкарыстання вэб-сайтаў, работы ў сацыяльных сетках, каардынацыі інфармацыйна-прапагандысцкай дзейнасці загранустаноў, развіцця кантактаў са сродкамі масавай інфармацыі, у тым ліку замежнымі, а таксама інфармацыйнага забеспячэння значных падзей (70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 70-годдзе стварэння ААН, 25-годдзе ўтварэння СНД, 30-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС, асноўныя этапы еўразійскай інтэграцыі).
"Удзельнікі сустрэчы выказаліся за больш актыўнае выкарыстанне патэнцыялу інфармацыйных службаў знешнепалітычных ведамстваў для ўмацавання аўтарытэту СНД, павышэння інфармаванасці грамадскасці дзяржаў-членаў і трэціх краін аб яе дзейнасці і міждзяржаўным узаемадзеянні на пляцоўцы Садружнасці", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Перад пачаткам кансультацый у Выканкаме СНД адбылося адкрыццё фотавыстаўкі "Апошняя сусветная вайна: помніць у імя міру", якая была арганізавана пастаяннымі прадстаўніцтвамі дзевяці краін напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Экспазіцыю адкрыў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Міхневіч.