18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі дзелавых колаў Барселоны наведаюць Беларусь у жніўні гэтага года. Такая дамоўленасць дасягнута 18 ліпеня ў Барселоне ў час прыёму грамадзян Беларусі па асабістых пытаннях паслом Беларусі ў Францыі і Іспаніі па сумяшчальніцтве Паўлам Латушкам, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Іспаніі.
Грамадзяне Беларусі, якія пражываюць у Барселоне, у час прыёму атрымалі адказы на пытанні, якія датычыліся тэматыкі грамадзянства, абмену пашпартоў, атрымання дазволаў на пастаяннае пражыванне за мяжой, консульскага ўліку, парадку атрымання грамадзянамі Іспаніі віз для ўезду ў Беларусь.
На прыёме таксама прагучалі прапановы па арганізацыі іспанскімі бізнесменамі гандлёвых місій у Беларусь, экспарту беларускіх тавараў на рынак Іспаніі. Дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Іспаніі візіту прадстаўнікоў дзелавых колаў Барселоны ў Беларусь у жніўні гэтага года, а таксама ўдзеле прадстаўнікоў Беларусі ў фестывалі славянскіх культур, які будзе праводзіцца ў Іспаніі ў сакавіку 2019 года.
Пасол Беларусі правёў перагаворы з выканаўчым дырэктарам адвакацкай кампаніі Balcells Group па арганізацыі мерапрыемстваў гандлёва-эканамічнага характару, бізнес-прэзентацый, а таксама магчымасці падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж гэтай адвакацкай кампаніяй і адным з адвакацкіх агенцтваў Беларусі.
Прыём з'яўляецца традыцыйнай формай работы з беларускімі грамадзянамі, якія пражываюць у Іспаніі, адзначылі ў пасольстве. Акрамя таго, 18 ліпеня прайшла прамая лінія пасольства, у ходзе якой беларускія грамадзяне, што пражываюць у Іспаніі, маглі атрымаць адказы на свае пытанні ў групе пасольства ў сацыяльнай сетцы Facebook.