23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік сустрэўся з пастаянным прадстаўніком Праграмы развіцця ААН у краіне Аляксандрай Салаўёвай. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
"Бакі абмеркавалі актуальны стан і перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі і ПРААН, у тым ліку ў рэалізацыі нацыянальных прыярытэтаў у сацыяльна-эканамічнай сферы, а таксама актывізацыі сумесных намаганняў па мінімізацыі наступстваў распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ў нашай краіне", - гаворыцца ў паведамленні Міністэрства замежных спраў.
Субяседнікі таксама дамовіліся прадоўжыць супрацоўніцтва ў дасягненні Беларуссю Мэт устойлівага развіцця, развіцці зялёнай эканомікі, аднаўленні пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС рэгіёнаў.