3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына на чале беларускай дэлегацыі прыняла ўдзел у шостым раўндзе кансультацый па пытаннях мадэрнізацыі з Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Дэлегацыю ЕС на кансультацыях узначаліў дырэктар дэпартамента Расіі, "Усходняга партнёрства", Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд.
"Бакі абагульнілі вынікі папярэдніх раўндаў дыскусіі і абмеркавалі перспектывы наладжвання супрацоўніцтва па ўзгодненых прыярытэтных напрамках на аснове дамоўленасцей, дасягнутых на кансультацыях у 2014-2015 гадах", - праінфармавалі ў МЗС.
Алена Купчына таксама правяла сустрэчы з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Еўрапейскай камісіі і дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю, у ходзе якіх былі разгледжаны пытанні развіцця адносін паміж Беларуссю і ЕС.